Жыхарка Наваполацка спытала ў выканкама, як апранацца, каб не затрымалі
Кацярына Вінакурава даслала ліст у гарвыканкам з адзіным пытаннем: ці ёсць абмежаванні для мінакоў па спалучэннях колераў адзення і аксесуараў?
Тры месяцы таму яе аштрафавалі за бел-чырвона-белую стужку на сумцы, днямі да штрафу асудзілі яе маці за букет белых і чырвоных ружаў. А потым ёй давялося стацца сведкай зусім ужо дзіўнай сітуацыі:
– Тут быў выпадак, што мужчыну патруль спыніў у чырвонай цішотцы і чорнай куртцы, загадалі яму або зашпіліцца, або паехаць да іх “у госці”… Вырашыла напісаць у выканкам, каб паказалі мне нейкі закон, дзе напісана, што забаронена, а што не забаронена. І калі што, то будзем узгадняць кожны свой выхад з хаты.
Раней з падобным запытам да наваполацкіх уладаў звяртаўся найстарэйшы наваполацкі апазіцыянер Анатоль Кулік. Яму адказалі, што кожны грамадзянін Беларусі мае права насіць любое адзенне, але не мае права парушаць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Тым не менш, 27-га сакавіка – у той дзень, калі ў Беларусі паведамлялася пра мірныя пратэсты, міліцыя затрымала і маму Кацярыны Вінакуравай з букетам, і двух дзяўчат – за белыя і чырвоныя стужкі ў валасах.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск