Жыхарка Рэчыцы ўжо 17 гадоў не можа атрымаць беларускае грамадзянства
Жыхарка Рэчыцы падрыхтавала скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Тамара Казлоўская цягам 17 гадоў не можа атрымаць беларускае грамадзянства, нягледзячы на тое, што нарадзілася і амаль усё жыццё пражыла ў Беларусі. Падставай для адмовы ў грамадзянстве міграцыйныя органы называюць тое, што нібыта Тамара Казлоўская сама адмовілася ад беларускага пашпарта.
– У 1996 годзе па волі лёсу атрымалася так, што мы выехалі ў Ізраіль на ПМЖ. З’язджалі па чырвоным пашпарце – не па нацыянальным, а замежным. Але з адзнакай “грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Пажылі мы там 7 месяцаў і вярнуліся назад у 1997 годзе. А калі прыехалі, адразу звярнуліся ў пашпартны стол, каб яны замянілі нам замежны пашпарт на нацыянальны. Намеснік начальніка пашпартнага стала запытала, як мы там пражывалі, на аснове якога дакумента. Я ёй паказала пасведчанне асобы, штосьці як від на жыхарства. У выніку нічога не далі, адмовілі.
Гомельскі праваабаронца Алесь Яўсеянка звяртае ўвагу на тое, што дзяржава не мае юрыдычных механізмаў пазбаўлення чалавека грамадзянства.
– У звязку з тым, што мы ўжо дайшлі да Вярхоўнага суда і атрымалі адмову, мы рыхтуем зварот у Камітэт па правах чалавека ААН, спасылаючыся на пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкул 12. Ніхто не павінен пазбаўляцца права на ўезд ва ўласную краіну, права на перамяшчэнне і права на грамадзянства. Толькі чалавек можа адмовіцца ад грамадзянства. Дзяржава не мае права пазбаўляць грамадзянства. Гэта было толькі ў савецкія часы.
У Беларусі забароненая практыка падвойнага грамадзянства. Але ў беларускім заканадаўстве прадугледжана норма аб скарачэнні абавязковага тэрміна сямігадовага пражывання для асобаў, якія раней былі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота brestcity.com