Жыхарку Бабруйска аштрафавалі за ўкраінскую стужку ў валасах
Жыхарку Бабруйска аштрафавалі за ўкраінскую стужку ў валасах. Суд вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 27 Ларысы Секержыцкай. Яна абвінавачвалася ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, паведамляе «Вясна».
Педагога затрымалі 4 сакавіка наўпрост у школе. Падстава — у яе прычосцы прысутнічала жоўта-сіняя стужачка.
Суд пастанавіў, што стужкі ў валасы настаўніца павязала не для прыгажосці, а для «выказвання свайго грамадска-палітычнага настрою ў сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне». Гэтым самым педагог «спрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу грамадзян» і «прыняла актыўны ўдзел у правядзенні масавага мерапрыемства ў выглядзе пікетавання». Як вынік — штраф 70 базавых велічыняў (2240 рублёў).
Беларускае Радыё Рацыя