Жыхарку Віцебска папярэдзілі за акцыю ў Гомелі
Юлія Барсукова, адміністратарка аднаго з тэлеграм-каналаў, створаных дзеля падтрымкі Сяргея Ціханоўскага, атрымала афіцыйнае папярэджанне ад гарадской пракуратуры.
Яе выклікалі позвай, доўга з ёй размаўлялі, і папярэдзілі за заклікі на акцыю салідарнасці пасля затрымання блогера Ціханоўскага, распавяла Юлія Барсукова:
– Яны скрыншот мне паказалі з маім пастом, дзе я людзей клікіла ў падтрымку затрыманых. У гомельскі чат я выклала. Нічога лішняга я на іхныя пытанні не адказвала, сказала ўсё як ёсць. А ў іх гатовая папера ўжо была, яны мне гатовае далі вось гэтае папярэджанне вось.
Папярэджанне падпісаў пракурор Віцебска Юрый Раманоўскі. У дакуменце гаворыцца, што заклікі на несанкцыянаваныя акцыі падпадаюць пад ч.3 арт. 23.34 КаАП РБ, і за гэта вінаватым пагражае штраф памерам ад 20 да 50 базавых велічынь альбо арышт. Падобнае папярэджанне, але ад пракуратуры Віцебскага раёну, 14 траўня атрымала віцебская блогерка Алена Янушкоўская.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск