Жыхароў Мастоў рыхтуюць да вайны
У Мастоўскім раёне створаны штаб раёна тэрытарыяльнай абароны і асобны стралковы батальён тэрытарыяльных войск.
Вайскоўцы запаса Мастоўскага раёна былі выкліканы асобнымі позвамі на пункт збору. У Масты прыехалі старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік і памочнік прэзідэнта па Гарадзенскай вобласці Юрый Караеў. Каранік праверыў ход выканання рашэння аблвыканкама па фармаванні тэрытарыяльных войск. Ён у сваім выступленні адзначыў, што
“мерапрыемства дазволіць аб’ектыўна ацаніць эфектыўнасць створанай сістэмы кіравання фарміраваннем тэрытарыяльных войск Гарадзенскай вобласці і гатовасць сіл тэрытарыяльнай абароны выканаць пастаўленыя задачы”. А Караеў сказаў, што “кожны грамадзянін павінен быць гатовым да абароны Радзімы”.
У час мерапрыемстваў вайскоўцы запаса ўзгадаюць свае навыкі валоданнем зброяй, функцыянальныя абавязкі і г.д.
Бліжэйшым часам будуць праведзены камандна-штабныя вучэнні, у ходзе якіх асабісты склад тэрытарыяльных войск, супольна з супрацоўнікамі РАУС, на практыцы адпрацуе пытанні аховы важных аб’ектаў і барацьбы з дыверсійна-разведавальнымі групамі праціўніка. Другі этап праверкі запланаваны на кастрычнік. Падобныя мерапрыемствы будуць праведзены яшчэ ў 9 раёнах Гарадзеншчыны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: mosty-zara.by
