Жыхароў Пінска заклікалі не пакідаць межы горада



У сувязі з пагаршэннем санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі на сайце Пінскага выканаўчага камітэта з’явілася адозва да гараджан з рэкамендацыямі па папярэджанні распаўсюджвання COVID-19, падрабязанасці ў нашага карэспандэнта Пятра Савіча:

– Да пінчукоў звярнуліся санітарныя службы. Яны заклікалі: не наведваць без крайняй неабходнасці месцы масавага знаходжання людзей; ў перадсвяточныя і святочныя дні не выязджаць за межы горада, асабліва ў Лунінецкі раён.

Кантроль за перавозкай пасажыраў на ўездах у Пінск будуць ажыццяўляць экіпажы Дзяржаўнай аўта-інспекцыі сумесна з медыкамі. Гэты захад тлумачыцца неабходнасцю праверкі стану здароўя пасажыраў і прадухіленне перамяшчэння кантактаў 1-га і 2-га узроўняў, якія павінны знаходзіцца на самаізаляцыі.

Па афіцыйнай інфармацыі ў Пінску адзін хворы каронавіруснай інфекцыяй. Ягоны стан ацэньваецца як станоўчы. Сімптомы нагадваюць звычайнае вострае рэспіраторнае захворванне, – паведаміў галоўны лекар Пінска. На самаізаляцыі знаходзіцца звыш 200 чалавек.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, з Пінску