Жыхароў Скідзеля асудзілі за „няправільныя” маскі (абноўлена)
Пасля абедзеннага перапынку суддзя Мая Маляўка зладзіла доўгі прагляд відэаматэрыялаў. Суддзя рабіла выгляд, што ўважліва і дэталёва вывучае матэрыялы справы. Але ў выніку прадказальна выканала карную пастанову: Уладзімір Іаскевіч і Аксана Апанасовіч засуджаныя да 25 базавых штрафу, астатнія 5 чалавек – да 20 базавых. Скідзельцы яшчэ раз пераканаліся, што цяперашняе „правасуддзе” цэлы час стаіць на баку міліцыі і выконвае толькі прыкладны карны характар.
***
25 верасня ў Гарадзенскім раённым судзе разглядаецца адміністрацыйная справа ў дачыненні да 7 жыхароў Скідзеля. 13 верасня яны выйшлі ў цэнтр свайго гораду ў белых масках з чырвонымі ці аранжавымі палоскамі. Скідзельская міліцыя, якая амаль у поўным складзе апошні месяц пераважна сочыць і палюе на актыўных грамадзян склала на сямёх чалавек абсурдныя адміністрацыйныя пратаколы па частцы 1 артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Фактычна судзяць скідзельцаў за тое, што 13 верасня яны стаялі і шпацыравалі на вуліцах гораду ў масках з бела-чырвонымі колерамі.
Юрый Садовікаў, Уладзімір Іаскевіч і Вольга Кавальчук перад судом
У суд былі выкліканы Юрый Садовікаў, Вольга Самойла, Андрэй Разумовіч, Уладзімір Іаскевіч, Вольга Кавальчук, Аксана Апанасовіч, Андрэй Апанасовіч. На разглядзе справы прысутнічаюць 4 з 7 абвінавачаных. Вядзе адміністрацыйны працэс суддзя Мая Маляўка. Орган, які пачаў працэс, прадстаўляе капітан міліцыі Аляксей Макрушыч. Іншыя прадстаўнікі Скідзельскага аддзялення міліцыі выступаюць як сведкі. Начальнік скідзельскай міліцыі Сяргей Базянкоў, ягоны намеснік Аляксандр Кісялёў і малодшы па рангу міліцыянт Іван Гаўрыльчык сцвярджаюць, што 13 верасня ў Скідзелі адбылося масавае мерапрыемства і несанкцыянаванае шэсце. Пры тым, што канкрэтна парушылі жыхары гораду яны сфармуляваць не могуць.
Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны, таму што нічога не парушылі, яны перакананыя, што права знаходзіцца на вуліцы гарантуе ім Канстытуцыя, а міліцыя замест сваіх непасрэдных абавязкаў займаецца палітычным пераследам іншадумцаў.
У працэсе абвешчаны перапынак да 14.10. Хутчэй усяго ў гэты час суддзя абвесціць сваю пастанову.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя