Жыхароў Віцебска апытваюць пра “злачынствы” Паўла Левінава



Віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава падазраюць у фінансаванні пратэстнай дзейнасці.

Такую выснову зрабіла актывістка Таццяна Севярынец, якую выклікалі ў Следчы камітэт:

– Пытанні былі звязаныя з Левінавым, BY HELP, і “Вясной”. Падчас ператрусу ў Паўла Левінава забралі кампутар, і як мне сказалі, што на носьбітах інфармацыі былі квітанцыі за аплату штрафаў. Я казала, што штрафы мы аплочвалі самі, а потым і квітанцыі, і пратаколы – увесь пакет дакументаў аддавалі Левінаву, і ён рыхтаваў судовыя скаргі. Гэта ўсё бясплатна.

Таксама следчыя распытвалі, ці абяцалі ўдзельнікам грамадскіх пратэстаў аплаціць іхныя штрафы, і ці даваў ім праваабаронца грошы. На такія пытанні былі вымушаны адказваць дзясяткі жыхароў Віцебска, пакараныя за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Кагосьці выклікалі ў Следчы камітэт, а да некаторых следчыя прыходзілі проста дахаты.

Што да праваабаронцы Паўла Левінава, то ён не атрымліваў са Следчага камітэта аніякіх афіцыйных звестак пра крымінальную справу, у межах якой праводзяцца допыта віцяблян.

Таму ён вырашыў праясніць сітуацыю непасрэдна:

 – Я звярнуўся у цэнтральны апарат Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Запытаўся, ці распачатыя нейкія крымінальныя справы, па якіх артыкулах, які ў мяне статус – ці я падазраваны, ці я абвінавачаны, ці была абрана нейкая мера стрымання. І прасіў патлумачыць лёс забраных у мяне рэчаў і грашовых сродкаў.

Ператрус у Паўла Левінава  быў праведзены 16-га лютага. Праваабаронца цвердзіць, што не рабіў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Але яму дагэтуль не вярнулі  аргтэхніку і дакументы, якія цяпер вывучае Следчы камітэт.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск