Жыхароў Віцебска масава выклікаюць у Следчы камітэт
Допыты працягваюцца ўжо некалькі месяцаў, да следчых выклікаюць як актывістаў-партыйцаў, так і простых гараджанаў, якіх раней судзілі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Падставай для допытаў з’яўляецца крымінальная справа, распачатая за псаванне дзяржаўнай маёмасці: жыхароў Віцебску распытваюць пра надпісы палітычнага зместу на гарадскіх будынках. Але потым у следчых з’яўляюцца іншыя, не датычныя да гэтай справы пытанні, кажа віцяблянін Уладзімір:
– Мяне распытвалі пра фінансаванне пратэстаў. Ці пералічваў я каму-небудзь грошы на штрафы, на страйкі, тым, хто быў звольнены. Яшчэ іх цікавіла, хто аплочваў мне штрафы, бо ў мяне летась былі два штрафы – адзін 50 базавых, другі 4 базавыя.
Следчыя цікавіліся і знаёмствамі з двума віцебскімі актывістамі, якія цяпер знаходзяцца ў СІЗА, распавёў жыхар Віцебска Аляксей:
– Кожны допыт – адразу па некалькіх справах. Так, запытваліся пра маіх двух знаёмых, гэта Аляксандр Мацяюк і Алег Баразна. Яны прыхільнікі руху “Страна для жизни“. І распытвалі пра мітынгі, ці плацілі там грошы. Не давалі там грошы!
Актывісты Аляксандр Мацяюк і Алег Баразна знаходзяцца пад вартай ужо амаль паўгода. Супраць іх распачатыя крымінальныя справы, і з гэтай нагоды праводзяцца не толькі допыты іхніх знаёмых у СК, але і ператрусы ў тых, з кім сябравалі ці проста мелі кантакты абодва затрыманыя.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск