Жыхару Баранавіч прысудзілі год „хіміі” за „здзек” над сцягам



31 траўня суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна вынес прысуд 21-гадоваму Вячаславу Уласевічу. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову — «хіміі», паведамляе «Вясна».

Ілюстрацыйнае фота

Суд таксама абавязаў спагнаць з Уласевіча працэсуальныя выдаткі ў суме… васьмі капеек.

Справу разглядала суддзя А. В. Раманюк, абвінавачванне прадстаўляла Святлана Пасемка.

Вячаслава Уласевіча прызналі вінаватым у тым, што трэцяга красавіка 2021 года каля 5.25-5.26 раніцы ён у стане алкагольнага ап’янення зняў сцяг з будынка па вуліцы Леніна. Пасля ён пранёс яго на некаторую адлегласць і кінуў на зямлю, з-за чаго дрэўка зламалася на тры часткі і пашкодзілася палатніна: шкода ў памеры 2 рублі 44 капейкі кампенсаваная абвінавачаным цалкам.

Каля 16 гадзін Уласевічу патэлефанавалі з Баранавіцкага ГАУС і запрасілі на сустрэчу: ён прыехаў, добраахвотна даў паказанні і напісаў яўку з павіннай. Яго затрымалі на трое сутак: з 3 па 6 красавіка — гэта час суд зачел ў тэрмін адбыцця пакарання з разліку «суткі за двое».

У судзе Вячаслаў таксама прызнаў віну. Да матэрыялаў справы была далучаная станоўчая характарыстыка з месца працы з хадайніцтвам да суду аб прымяненні максімальна мяккага пакарання, каб абвінавачаны мог працягваць сваю працоўную дзейнасць — папраўчыя работы.

Пракурор адзначыла, што абвінавачаны здзейсніў здзек над дзяржаўным сцягам і сімвалам Рэспублікі Беларусь і запрасіў адзін год абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу — «хіміі» — столькі і прызначыў суд. Пракурор палічыў змякчальнай віну кампенсацыю шкоды ў 2,44 рубля, але не яўку з павіннай, паколькі яна была напісаная пасля ўзбуджэння крымінальнай справы.

Адвакат прасіў улічыць, што абвінавачаны ўпершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, пакрыццё шкоды, а станоўчыя характарыстыкі і прызначыць пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ.

У апошнім слове Вячаслаў Уласевіч папрасіў прабачэння перад маці, прызнаў, што здзейсніў учынак па дурасці, і папрасіў не караць яго моцна.