Жыхару Бярозы Віталю Таўсцяку прысудзілі паўтара года абмежавання свабоды
У сузе Бярозаўскага раёна вынесены прысуд жыхару Бярозы Віталю Таўсцяку за публічную абразу старэйшага ўчастковага Баранавіцкага РАУС Сяргея Каўша. Вядучая працэс суддзя Людміла Рудзіна, дарэчы жонка міліцыянта, задаволіла амаль у поўным аб’ёме патрабаванне дзяржаўнага абвінаваўцы памочніка пракурора Дзмітрыя Яфімава, кажа Людміла Рудзіна:
– Прызнаць вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. І паводле адпаведнага артыкула прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў без накіравання ў выхаваўчую ўстанову адкрытага тыпа. Спагнаць з Віталя Таўсцяка на карысць Каўша Сяргея Міхайлавіча ў лік грашовай кампенсацыі маральнай шкоды 1500 рублёў.
А таксама спагнаць з Таўсцяка 87 рублёў дзяржаўнай пошліны і канфіскаваць тэлефон. Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сержука Русецкага, суд у чарговы раз паказаў, хто ў Беларусі знаходзіцца пад абаронай закона.
Нагадаем, што ў жніўні пасля выбараў 2020 года ў “Аднакласніках” капітан Коўш падзяліўся інфармацыяй аб удзеле ў разгоне акцый грамадзян. Таўсцяк, знаходзячыся пад уражаннем выканання службовых абавязкаў міліцыянтамі падчас мірных акцый, пад здымкам Каўша напісаў свой водгук.
Віталь Таўсцяк
Суддзя Людміла Рудзіна.
Беларускае Радыё Рацыя