Жыхары Альшанаў цалкам ігнаруюць прышчэпку ад каронавірусу



У Альшанах, дзе сёння пражывае каля васьмі тысяч чалавек, ідзе поўнае ігнараванне вакцынацыі.

Дзве суботы запар прышчэпачны пункт у аграгарадку працуе ўпустую. Ніводны жыхар аграгарадка не скарыстаўся яго паслугай, – паведамляюць “Навіны Палесся”. У мінулую суботу на ўчастак прыйшоў адзін чалавек, дый той не мясцовы, а з вёскі Рэмель.

Журналісты запыталі ў жыхароў, чаму яны не прышчапляюцца. Людзі кажуць, што маюць недавер да вакцыны і баяцца супрацьпаказанняў. Таксама “Навіны Палесся” тлумачаць сітуацыю і рэлігійнымі перакананнямі. Альшаны — пратэстанцкая вёска, тут прыхаджан царквы каля 1000 чалавек, яны могуць меркаваць, што вакцына “ад нячыстага”.

Выданне прапануе больш працы весці з прэсвітарамі, каб тыя тлумачылі неабходнасць вакцынацыі.

Беларускае Радыё Рацыя