Жыхары Бальшавіку задыхаюцца ад біялагічнай звалкі



Жыхары пасёлка Бальшавік скардзяцца на смурод ад „Гомельскага бялкова-тлушчавага заводу”. Грамадзяне мяркуюць, што прычынай непрыемных пахаў з’яўляецца звалка біялагічных адкідаў, размешчаная непадалёку ад тэрыторыі прадпрыемства.

1

„Вельмі непрыемна жыць па суседстве з такім заводам. Як толькі вецер мяняе напрамак, адразу ўвесь пасёлак накрывае хваля смуроду. Надыхаешся такога „водару” – пачынае балець галава. А тут знаходзяцца два дзіцячыя садкі, шпіталь для састарэлых… Нават вокны не адчыніць часам, каб праветрыць”, – скардзіцца мясцовая жыхарка.

Асабліва не шанцуе ўласнікам прыватных хатаў па вуліцах Гагарына і Чапаева, якія знаходзяцца на ўскрайку Бальшавіка.

2

„У гэтых выкідах – уся табліца Мендзелеева. Я не ведаю, ці ад біязвалкі ідзе смурод, але ад самога завода дакладна людзям здароўя няма”, – абурана кажа пенсіянерка, якая жыве на вуліцы Гагарына.

Экалагічную праблему, якая паўстала ў выніку функцыянавання „Гомельскага бялкова-тлушчавага заводу”, заўважыў відэаблогер Пятро Філон. Ён зняў на відэа і выклаў у інтэрнэце кадры з біязвалкі з уласнымі каментарамі. Паводле аўтара відэа, час ад часу горы касцей перамешваюць з зямлёй бульдозеры, а сам сметнік ніяк не адпавядае санітарным нормам.

Супрацоўнікі заводу ў неафіцыйнай размове кажуць, што блогер Пятро Філон некарэктна падаў інфармацыю. Маўляў, горы костак з відэароліка – гэта часовая з’ява. З-за нядаўняй рэканструкцыі завод не спраўляўся з аб’ёмамі сыравіны. Адпаведна, за тэрыторыяй з’явіліся невялікія адвалы тэрмічна апрацаваных костак, якія не нясуць пагрозы навакольнаму асяроддзю. Хімік са Светлагорску Вадзім Болбас удзельнічаў у грамадскай кампаніі супраць пабудовы ў ягоным горадзе завода беленай цэлюлозы. Экалагічны актывіст раіць жыхарам Бальшавіка выкарыстоўваць законныя магчымасці абароны правоў.

3

„Жыхары маюць права, па ўсім дзеючым заканадаўстве, напісаць запыт у санітарную службу Гомельскага раёна, каб спецыялісты па сваіх методыках зрабілі аналізы паветра. У іх ёсць методыкі аналізу падфакельных выкідаў. У гэтых выкідах, мяркую, будзе ўтрымлівацца серавадарод і будзе шмат усялякай арганікі, у тым ліку сераарганічныя злучэнні з непрыемным пахам”, – падсумоўвае эколаг.

4

„Гомельскі бялкова-тлушчавы завод” спецыялізуецца на перапрацоўцы біялагічных адкідаў інфікаваных жывёлаў, а таксама ўтылізацыі рэштак вытворчасці птушкафабрыкаў і мясакамбінатаў. У выніку перапрацоўкі сыравіны атрымліваецца мясакостная мука, а таксама тэхнічны тлушч. Магутнасці прадпрыемства дазваляюць перапрацоўваць каля 100 тон біялагічных адкідаў кожныя суткі.

5

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель