Жыхары берасейскага мікрараёна Усход выказалі пратэст дзеянням ЖРЭУ (абноўлена)



Два бакі канфлікту выказалі свае пазіцыі. У двары аднаго з дамоў па вуліцы Ленінградскай у Берасці адбыўся сход з прычыны дэмантажу дзіцячых пляцовак. Ці прапанавалі камунальнікі, якія ліквідуюць пляцоўкі, нешта ўзамен? На гэтае пытанне нам адказала шматдзетная маці Валянціна, якая стала сведкам зносу дзіцячых пляцовак і нават зафіксавала гэтае здарэнне на відэа:

– Нам ніякай альтэрнатывы не прапаноўваюць. Прапаноўваюць за нашыя грошы на пустой зямлі пабудаваць новую дзіцячую пляцоўку. Прычым агучваюць такія лічбы: 30 мільёнаў за адну дзіцячую горку. Колькі тая пляцоўка прастаіць, хто яе будзе даглядаць і які далейшы лёс гэтых дзіцячых пляцовак.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

У сваю чаргу, прысутная на сустрэчы намесніца начальніка па ідэалагічнай рабоце камунальных службаў Берасця Алена Семянюк, патлумачыла, чаму адбыўся дэмантаж дзіцячай пляцоўк і за якія сродкі можна будзе ўсталяваць нешта ўзамен:

– На 20015 год не складаліся тытульныя спісы на набыццё дзіцячага гульнявога абсталявання. Згодна прадпісання пракуратуры адбываецца рамонт і знос аварыйна-небяспечнага дзіцячага абсталявання. На замену можна будзе ўсталяваць дзіцячае абсталяванне, але, згодна існуючым нарматыўным дакументам, гэта будзе адбывацца за кошт жыхароў дамоў.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

„Практыка абсталявання двароў за сродкі жыхароў існуе, і ў такіх месцах грамадзяне больш дбаюць пра захаванне пляцовак у належным стане”, – зазначыла чыноўніца. Прысутныя не пагадзіліся з такімі прапановамі і пачалі збор подпісаў пад зваротам да вышэйшых уладаў. Яны патрабуюць аднаўлення знішчанай пляцоўкі і своечасовага інфармавання жыхароў пра падобныя намеры ўладаў.

* * *

Ля шасцідзесяці жыхароў берасцейскага мікрараёну Усход, без уліку малых дзяцей, сабраліся ў двары дому нумар 1/2 па вуліцы Ленінградскай. Нагодай сходу сталіся прэтэнзіі грамадзян да кіраўніцтва мясцовага ЖРЭУ. Па словах жыхароў, без іхняга ведама адбыўся дэмантаж патрэбнай ім дзіцячай пляцоўкі:

– У наш двор прыйшлі і ўсё зруйнавалі, нікому не паведамілі. Тым больш без дакументаў, без патрэбных папераў. Без нашай згоды і без згоды кіраўніцтва.

– Тут дзеці ўвесь час гулялі. Турнікі гэтыя былі разлічаны, каб дзеці на іх займаліся. Яны тут прастаялі гадоў 35. Вырасла тут не адно пакаленне. Зрэзалі.

– Ні старшыня гарвыканкаму, ні кіраўнікі адміністрацый аб гэтым абсалютна нічога не ведаюць.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

На сустрэчы прысутнічалі жыхары дому нумар 1/2, прылеглых дамоў, журналісты, праваабаронцы, адна прадстаўніца ўлады ды двое міліцыянтаў. Не ўсе датрывалі да канца мерапрыемства, якое доўжылася паўтары гадзіны, і людзі, не дачакаўшыся вынікаў, разыходзіліся. Напрыканцы быў зладжаны збор подпісаў з шэрагам просьбаў да вышэйстаячых органаў улады аб выпраўленні сітуацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.