Жыхары Будзішча: За што нас так пакаралі?
Каля дзясятка пажылых жыхароў вёскі Будзішча Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці паўгода жывуць без вадавода. Першы раз спыніла сваю працу насосная станцыя, якая запампоўвала ваду ў калонкі вяскоўцам, яшчэ ў канцы 2014 года.
У сярэдзіне 2015, паводле словаў мясцовых, усё абсталяванне са станцыі было ўвогуле вывезенае. З таго часу старыя вяскоўцы цягаюць пітную ваду ў пластыкавых бутэльках і вёдрах за сотні метраў з крыніцы.
Адна з апошніх жыхарак выміраючай вёскі Ганна Хомчанка наракае на тое, што старым людзям усё цяжэй даносіць пітную ваду да хатаў:
– Вельмі баляць ногі. Як нам дабрацца да той крыніцы? І з чым – з кубкам, з бутэлькай? За што нас так пакаралі?
Вёска Будзішча Чачэрскага раёна знаходзіцца на самай мяжы з Расеяй. Пасля катастрофы на ЧАЭС у пацярпелай ад радыяцыі вёсцы быў праведзены вадавод.
Беларускае Радыё Рацыя, Чачэрскі раён
Фота Юліі Сівец