Жыхары Бярозаўкі абураныя скарачэннем працы мясцовай лазні
Жыхары горада Бярозаўка абураныя рашэннем Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі скараціць дні працы гарадской лазні. Калі раней яна працавала ў суботу і нядзелю, то з першага траўня будзе працаваць толькі адзін раз на тыдзень – у нядзелю. Прадстаўнікі ЖКГ, якія выйшлі да абураных беразаўчан, патлумачылі такое рашэнне аптымізацыяй працы лазні і эканоміі сродкаў.
На стыхійны народны сход, які прайшоў каля самой лазні, прыйшлі некалькі дзясяткаў абураных бярозаўцаў, якія патрабавалі аднавіць ранейшы графік працы і знізіць кошты паслуг, каб вярнуць колькасць наведвальнікаў установы да ранейшага ўзроўню.
– Людзей, якія адпрацавалі па сорак гадоў, пазбавілі адзінага месца, дзе неяк можна падправіць здароўе – лазні. Людзі нікому непатрэбныя. Усё робіцца не для чалавека, а супраць.
– Зрабіце два дні. Кошты – 3-4 тысячы. Сюды народу прыйдзе ў тры разы болей. І ізноў вы атрымаеце свае грошы.
Каб паспрабаваць згладзіць канфліктную сітуацыю, якая склалася паміж аматарамі пара і ЖКГ, да незадаволеных жыхароў Бярозаўкі выйшаў старшыня мясцовага гарвыканкама – Валер Яводзік.
– Даведацца меркаванне гараджан – мэта была толькі такая. Я іх пачуў. Мы пагаварылі. Я даведаўся іхныя меркаванні. Яны падобныя да майго. Зараз ёсць загад ЖКГ. Таму трэба шукаць выйсце з гэтай сітуацыі.
Па словах чыноўніка, гэты тыдзень лазня ў Бярозаўцы пакуль будзе працаваць згодна загаду Лідскага ЖКГ – адзін раз на тыдзень, а далей будуць абмяркоўвацца шляхі выхаду з канфліктнай сітуацыі.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Бярозаўка
Фота аўтара