Жыхары Бярозы: Аўтарытэт мясцовых выбараў вельмі нізкі
Улады рыхтуюцца да выбараў у мясцовыя саветы. У Бярозаўскім райвыканкаме закончыўся прыём дакументаў па вылучэнню сябраў у склад раённай выбарчай камісіі. Але бальшыня апытаных на вуліцах Бярозы нічога не ведае пра выбары і не мае да іх зацікаўленасці. Мясцовыя дэпутаты, кажуць людзі, толькі для галачкі і падтрымкі ўладаў, карысці ад іх ніякай.
– Чаго ісці? Чым яны мне дапамогуць? Ніхто мне нічым не дапаможа.
– На выбары не хадзіла і не збіраюся. Не бачу неабходнасці губляць свой асабісты час на гэта. І ніякага сэнсу не бачу.
– Спакойна да гэтых выбараў аднашуся. Але нашыя мясцовыя органы нічога добрага для народа не робяць. Ніякага толку ад гэтага.
– Увогуле яны мне не патрэбныя. Дапамогі няма.
– Ніякага даверу. Няхай самі сябе і выбіраюць.
Нягледзячы на ўпэўненасць людзей аб бескарыснасці мясцовых дэпутатаў, на выбары пойдуць многія. Людзі бачаць у гэтым выкананне грамадзянскага абавязку.
У Беларусі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання прызначаны на нядзелю, 18 лютага 2018 года.
Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:
Беларускае Радыё Рацыя