Жыхары Глыбокага пра будаўніцтва АЭС і кошты на электраэнергію



З уводам атамнай станцыі ў Астраўцы для насельніцтва Беларусі не будуць паніжаць тарыфы на электраэнергію. Пра гэта нядаўна заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка. На яго думку, беларусам трэба паступова адыходзіць ад перакрыжаванага субсідавання, то бок змяншаць кошт электраэнергіі для прадпрыемстваў, а павялічваць для насельніцтва.

Жыхары Глыбокага распавядаюць, што яны думаюць наконт заявы намесніка прэм’ер-міністра і ўвогуле як ставяцца да будаўніцтва беларускай атамнай станцыі:

– Трэба і для людзей простых  часткова знізіць аплату. Каб было справядліва. Атамная станцыя на беларускай зямлі. То бок, для беларусаў, значыць – для ўсіх.

– Ніхто нічога ўжо не зменіць. Вырашылі так, падлічылі прыбыткі дзяржаўныя і вырашылі так зрабіць. Як бы там не было, усё роўна будзем плаціць. Тады Чарнобыльская аварыя здарылася. Яна ўсюды можа быць. Мы ўжо ва ўзросце. Што нам баяцца. Але ж мы нічога не зменім. Яна ж будуецца.

– Яна столькі грошай каштуе. Столькі энергіі, столькі ўсяго, значыць – будзе. Канешне, было б добра, каб знізілі. Канешне, баімся. Раз у нас такое было, то мы баімся. Але будзем спадзявацца, што такога не будзе.

Уладзімір Сямашка спасылаецца на тое, што на сёння ў Беларусі самы нізкі тарыф на электраэнергію для насельніцтва. І кажа пра тое, што на Захадзе насельніцтва плаціць за электраэнергію ў 2-3 разы больш, чым прамысловыя прадпрыемствы. Вось толькі  пра заробкі і прыбыткі людзей на Захадзе ў параўнанні з беларускімі заробкамі намеснік прэм’ер-міністра чамусьці замоўчвае.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя