Жыхары Гомеля нагадалі сілавікам пра адказнасць за катаванні
Больш за восемсот чалавек падпісалася пад заявай з просьбай узбудзіць крымінальныя справы ў дачыненні да асобаў, якія ўдзельнічалі ў катаваннях. Дакумент накіравалі начальніку Гомельскага гарадскога адзела Следчага камітэту і ў аддзел унутраных спраў Цэнтральнага раёна.
Сябра Каардынацыйнай рады ў Гомелі Васіль Палякоў лічыць, што ў раённых аддзелах унутраных спраў затрыманых катавалі:
– То бок азначэнне, што такое катаванне ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь, ёсць дэфініцыя ў канвенцыі супраць катаванняў. Адпаведна тыя дзеянні, якія мелі месца ў гомельскіх РАУСах, магчыма ў іншых РАУСах Гомельскай вобласці, у цэлым у Беларусі – гэта катаванні і ўсё ж такі тут прынцыпова называць рэчы сваімі імёнамі.
Жыхары Гомеля спасылаюцца на артыкул 128 Крымінальнага кодэкса “Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва”. Паводле дадзенага артыкула, катаванні і акты жорсткасці, якія ажыццяўляюцца ў сувязі з палітычнымі перакананнямі цывільнага насельніцтва, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дваццаці пяці год, ці пажыццёвым заключэннем.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель