Жыхары Грушаўкі: Можа самім падкапаць нашы халупы, каб паплылі?!



Год таму наша радыё ўжо расказвала пра жахлівую сітуацыю, што склалася ў цэнтры Менску, у некалькіх сотнях метраў ад станцыі метро “Грушаўка”. Тут, на вуліцах Папаніна і Дзекабрыстаў, стаяць сем двухпавярховых драўляных жылых дамоў. З бліжэйшага шматпавярховіка ў кіламетры з гакам бачныя Дом ураду ды рэзідэнцыя Лукашэнкі.

IMG_1291

Баракі, як іх, паводле ўмоў пражывання, называюць сотні жыхароў, пабудаваныя адны аж у 1936, іншыя пасля другой сусветнай. Дарэчы, паводле рашэння Маскоўскага райвыканкама сталіцы, яны мусілі быць знесеныя яшчэ ў 2011. А сёлета да 1 жніўня апошні жыхар мусіў быць расселены ў добраўпарадкаванай кватэры. Але не…

Кажа Вікторыя Данілава, новая кіраўнічка ініцыятыўнай групы па высяленню з баракаў ды галоўнай перамоўніцай з уладамі. Былая – Вераніка Рудніц – адзіная з баракаў, хто з малымі дзеткамі перасялілася ў новую кватэру. Вікторыя ж махае рукой:

Вікторыя Данілава: Усё па-старому, хіба яшчэ горай стала за год! Акапалі з усіх бакоў, што да метро не прайсці. Перад хатамі будаўнікі паставілі прыбіральні. Калі вецер ў наш бок, 90-гадовая бабулька з другога паверха спускаецца і кажа – “колькі ж у хаце праляжаў гэты нябожчык?!” Дарэчы, 35-паверхавы хмарачос, што у двух дзесятках метраў будуецца, мусіў быў здадзены яшчэ сёлета ў лютым. Але ж у 24.00 вяртаюся з працы – не заснуць, бо ў іх начная змена з працуючым кранам. Патрабавалі ўсталяваць сметніцы, прыбіральні, дзіцячыя пясочніцы. Апошнюю – адну – паставілі ля прыбіральняў, паміж двума дрэвамі, з якіх у часе апошняй буры паабвальваліся галіны.

IMG_1290

Убачыўшы мікрафон, да нас сцякаюцца жыхары.

Любоў Дражына: Так, тут жыць немагчыма. І набыць што0небудзь не мае сэнсу – жывём які ўжо год на чамаданах. Новыя кватэры не даюць, прапануюць так званыя не адрамантаваныя БУ на другой ускраіне Менску, дзе паблізу ані метро, ані паліклінікі. А мы ж яшчэ стала працуем паблізу. Дый суседзі ўсе свае. Што ж мяняць шыла на мыла?!

РР: Я запытаўся на фірме “СтройСМманаліт”, што дабудоўвае хмарачос побач з вамі і чые запрашальныя плакаты на набыццё офісаў і кватэр прама навідавоку. Маўляў, чаму б не перасяліць вас туды? Балазе, дзяржава гарантуе вам аплату да тысячы даляраў за квадратны метр пры перасяленні. Жаночы голас у адказ на мой запыт як набыць у іх двухпакаёўку з напорам тут жа “выдаў”, што  самы маленькі памер іхных кватэр – 65,5 квадратных мэтраў, самы вялікі – 72. Мінімум 30% ад агульнага кошту мусіце ўнесці адразу. Кошт квадратнага мэтра – не ніжэй 1550 даляраў…

Валянціна Пішчака: Дайце нам кватэры не ў цагляных – хоць у блокавых дамах! Пасля шматгадовых блуканняў па пакутах гатовыя на ўсё.

IMG_1292

Падыходзіць Таццяна Урбановіч,  што ў бараку ў двух маленькіх пакойчыках з 1976. Паказвае відавочныя трэшчыны ды дзірышчы з байцоўскі кулак у фундаменце. Усклікае:

Таццяна Урбановіч: Мы даўно нікога і нічога не баімся! З нашых “халупаў” высяляць ужо няма куды. Тут жывуць звычайныя рабацягі.  Плацім шалёныя грошы за газ і камнуналку. Дайце веры – паставіць лічыльнікі за 3-5 млн і раптам з’ехаць не можам. Дарэчы, паводле іх за той жа газ выходзіла б 50-60 тысяч, а так – усе 400! Плюс святло, тэлефон – і без лічыльнікаў выходзіць за камуналку аж да паўтара мільёна! У мяне сябры з Серабранкі, дзе ёсць і прыбіральня, і ванна з гарачай вадой – за трохпакаёку за ўсё выходзіць тыя ж 500 тысяч. А за нашу ламаччыну – аплата, як на макоўскай Рублёўцы! Але ж без таго ж газу мы б ня выжылі – на ім у кожнага калонка, пліта і ацяпляльны кацёл. Абуральна тое, што праходзячыя побач людзі, гледзячы вонкава на наша жытло, спрэс прымаюць нас за “бамжоў”! Света, дапамагай!

IMG_0171

Спадарыня Турава, у якой утрох дарослых дзяцей і чацвёра ўнукаў. 26 год стаіць у чарзе ў выканкаме на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Спадарыня Турава: Прэтэнзіі велічэзныя! Смецце, за вынас якога плацім, не ўбіраецца датуль, што часам не выйсці з кватэры. З дзецьмі на двары не пагуляць. Падлогі гнілыя настолькі, што працуючая пральная машына, калі яе не трымаць, можа да сцяны дакаціцца. Хтосьці з тазаў на ўнітазе мыецца, нехта “скараціў” для гэтага калідорчык. Дзіця трохмесячнае на руках сын трымаў, а маці мыла. А Лукашэнка кажа – нараджайце больш дзяцей, дапаможам. Ціхі жах! Апошнім часам з’явіліся пацукі. А тараканы! У нашых дзетак амаль ва ўсіх алергія ад хімічных патраў!

IMG_1288

Не вытрымаў і ўступіў у размову муж Вікторыі Данілавай Андрэй:

Андрэй: Хадзіў на новы офіс фірмы “ДорСТРОЙ”, што, нібы, адказвае за наша рассяленне – прылюдна паабяцалі, што да 1 жніўня баракаў і нас у іх ня будзе. Збанкрутавалі, памянялася начальства. Ізноў старая песня – “чакайце, вам паведамяць!” У суседнім бараку была такая ж няпэўная сітуацыя. Але ён быў яшчэ бліжэй да будоўлі. Пачалі капаць катлаван, убіваць палі – зямля папаўзла. Была небяспека, што ўсё абрынецца разам з людзьмі. У момант усё знайшлося! І кватэры добрыя, і “Портатэль” насупраць задзейнічалі, каму не хапіла. І ня гледзячы на лішнія паўтысячы даляраў за метр перасялілі! І ўсё ў два дні вырашылі!

IMG_0178

РР: Дык можа і вам апоўзень арганізаваць?! (супольны смех)

Андрэй: Мы ўжо думалі падкапаць які-небудзь вугал, каб ён пайшоў уніз!  

Калі ж усур’ёз, жыхары злашчасных баракаў лёсам ды ўладай умоўна падзеленыя на дзве незайздросныя катэгорыі. Тыя, хто ў аглядальнай будучыні так і застануцца ў непрыдатным жытле і хто мусяць пераехаць у праславутыя “БУ”. Усе пагражаюць падаць позвы ў суд.  На ўлады ды на дзялкоў з фірмы “Дачстар”, што не выконваюць абяцанні па зносу і рассяленні.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара