Жыхары інтэрнатаў у Мікашэвічах – у невядомасці



Жыхароў інтэрнатаў у Мікашэвічах абяцаюць выселіць, калі яны не падпішуць дамову пра платныя дадатковыя паслугі. Людзі раней адмовіліся ставіць свае подпісы і напісалі скаргі як камунальнікам, так і гарадскім уладам. У выніку адбыўся супольны сход з удзелам прадстаўніка гаспадаркі ды юрыста, аднак людзі не атрымалі адказаў на свае пытанні. Кажа актывіст Леанід Дубаносаў, да якога актывісты звярнуліся па дапамогу:

– Жыхары задалі чатыры пытанні: ці выганяць іх на вуліцу, калі яны адмовяцца падпісваць дадатковыя паслугі; калі быў зроблены апошні капрамонт у інтэрнатах; жыхары хочуць паставіць металічныя дзверы з дамафонам за свой кошт; ці прыбяруць вахцёраў з інтэрнатаў, бо гэта дадатковая паслуга. А навязванне дадатковых паслугаў – гэта незаконна.

Паводле Дубаносава, прысутныя на сходзе работнікі камунальнай гаспадаркі гаварылі супрацьлеглыя рэчы. Інжынер страшыў высяленнем у выпадку непадпісання дамоў, а юрыст супакойваў, што гэтага не адбудзецца. Выканаўчы камітэт не сказаў нічога.

Беларускае Радыё Рацыя, Мікашэвічы