Жыхары Менска патрабуюць пераносу ліцейных цэхаў



У Менгарвыканкам перадалі першыя 219 подпісаў у падтрымку пераносу ліцейных цэхаў трактарнага завода за межы горада. Кампанію ініцыяваў каардынатар руху „За Свабоду” ў сталіцы Віктар Янчурэвіч.

„Яшчэ падчас мясцовых выбараў жыхары ўздымалі праблему шкодных выкідаў і скардзіліся на наступствы працы ліцейных цэхаў, якія, як вядома, экалагічна самыя шкодныя на ўсім МТЗ. Таму мы з камандай вырашылі падняць праблему, каб змяніць сітуацыю ў раёне”, — прыводзіць словы Янчурэвіча прэс-служба руху.

Паводле яго слоў, мясцовыя жыхары на збор подпісаў рэагуюць вельмі пазітыўна. „Мы працягнем збіраць подпісы, гаварыць з людзьмі. Разумеем, што адказ Менгарвыканкама на зварот можа быць несуцяшальным, таму перапіску прыйдзецца працягнуць. Каб было больш аргументаў, трэба мець больш подпісаў”, — падкрэсліў актывіст.

У планах ініцыятара і яго каманды сустрэча з адміністрацыяй МТЗ „на прадмет магчымага пераносу шкоднай вытворчасці за межы горада кіраўніцтвам самога прадпрыемства”.

belapan.by