Жыхары Мікашэвічаў бароняць свае хлеўчукі
Жыхары Мікашэвічаў паўсталі ў абарону сваіх хлеўчукоў, якія ўлада вырашыла знесці. Больш за паўсотню чалавек звярнулася з заявай да старшыні гарадскога выканаўчага камітэта Галіны Сацэвіч. Яны, а гэта ў асноўным пенсіянеры, просяць пакінуць ім хлеўчукі, бо маюць на карыстанне імі даведкі дазволу. Хлеўчукі размешчаны за горадам, не ствараюць антысанітарыі і не псуюць эстэтычны выгляд Мікашэвічаў. У час эканамічнага крызісу без дапаможнай гаспадаркі сацыяльна неабароненыя людзі не змогуць выжыць, лічыць сябра кампаніі “За наш горад” Леанід Дубаносаў, да якога людзі звярнуліся па дапамогу:
– 30 гадоў нікому не перашкаджалі гэтыя хлеўчукі ў Мікашэвічах. А цяпер старшыні гарвыканкама Галіне Паўлаўне Сацэвіч яны сталі перашкаджаць – штосьці яна там хоча пабудаваць. Яна прыехала на сход і здолела толькі сказаць, што гэта парушэнне, гэта штрафы, штрафы, штрафы… Не ў час жа эканамічнага крызісу забіраць гэтыя хлеўчукі ў людзей. Там пенсіянеры, у асноўным, а таксама беспрацоўныя.
Па словах Галіны Сацэвіч, на месцы хлеўчукоў трэба пракласці новыя каналізацыйныя трубы. Пытанне зносу застаецца адкрытым.
Беларускае Радыё Рацыя, Мікашэвічы