Жыхары Мсціслава асуджаныя за згвалтаванне прыёмных дзяцей
За згвалтаванне ўзятых на выхаванне дзяцей суд прыгаварыў да працяглых тэрмінаў зняволення прыёмнага бацьку і яго роднага сына.
Як паведамілі ў Магілёўскім абласным судзе, „малады чалавек з 2011 па 2016 год, маючы цягу сексуальнага характару да двух малалетніх, якія з’яўляюцца прыёмнымі дзецьмі яго бацькі, і скарыстаўшыся іх залішняй даверлівасцю, учыніў асабліва цяжкія злачынствы супраць іх палавой недатыкальнасці”. У дачыненні да старэйшай дзяўчынкі тыя ж дзеянні ўчыняліся і пасля дасягнення ёю чатырнаццаці гадоў.
У сваю чаргу прыёмны бацька з верасня 2014 па чэрвень 2016 года таксама ўчыняў над гэтымі дзецьмі гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару.
Суд Мсціслаўскага раёна 19 мая прыгаварыў маладога чалавека да 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым у неаднаразовым згвалтаванні малалетніх і гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару. Прыёмны бацька атрымаў 14 гадоў зняволення.
3 жніўня 2017 года пасля апеляцыйнага разгляду судовай калегіяй па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда прысуд набыў законную моц.
belapan.by