Жыхары Пінска: Мы страцілі давер да дзеючай улады
Жыхары Пінска склалі зварот да мясцовага Савета дэпутатаў і Палаты прадстаўнікоў. Ён фактычна аднолькавы, але адрозніваецца адным пунктам. Калі ад пінскага Савета грамадзяне патрабуюць праверыць факты фальсівікацый у горадзе, то ад Палаты прадстаўнікоў патрабуюць адмяніць на тэрыторыі Пінска вынікі выбараў і правесці новыя.
Перад пінчукамі зварот агучылі народныя ўпаўнаважаныя, якіх абралі на нядзельным шматтысячным мітынгу:
– 9-га жніўня 2020 года адбыліся выбары прэзідэнта РБ. Былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мірныя акцыі, нязгодных грамадзян, разганяліся праваахоўнымі органамі з ужываннем гвалту, што прывяло да вялікай колькасці ахвяраў. У адносінах да затрыманых ужываліся катаванні. Мы, жыхары горада Пінска, вашыя выбарцы, страцілі давер да дзеючай улады. Звяртаемся да вас з патрабаваннямі.
Першае: спыніць гвалт, спыніць палітычны пераслед і правесці расследванне таго, што адбылося ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Другое: вызваліць усіх палітычных вязняў, адмяніць злачынныя судовыя рашэнні, сплаціць кампенсацыю ўсім пацярпелым.
Трэцяе: правесці праверкі па фактах фальсіфікацый, выніках выбараў і парушэнняў патрабаванняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь на выбарчых участках Пінска.
Мы лічым, што адзінай магчымасцю пераадолення палітычнага крызісу з’яўляецца пачатак перамоў і выпрацоўка механізмаў для аднаўлення законнасці і правядзення выбараў.
Збольшага пінчукі кажуць, што гэты зварот – іспыт для дэпутатаў, як мясцовага Савета, так і Палаты прадстаўнікоў, пацвердзіць альбо зганьбіць статус “народнага абранніка”.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск