Жыхары Пінска патрабуюць палепшыць вулічнае асвятленне



У Пінску жыллёва-камунальныя службы і мясцовыя ўлады абяцаюць палепшыць вулічнае асвятленне. У кіраўніцтва горада рэгулярна паступаюць скаргі ад гараджан, якія патрабуюць не толькі асвятлення праезнай часткі дарог, двароў ды пешаходнай зоны, але лічаць неабходныя зрабіць падсвятленне на гісторыка-архітэктурных помніках.

Для праваахоўнікаў і дарожнай аўтаінспекцыі прыярытэт – асвятленне двароў і пешаходаў. Як зазначыў супрацоўнік ДАІ Аляксандр Бохан, палова ДТЗ з удзелам пешаходаў адбылася на прызначаных для пераходу дарогі месцах:

– Згодна з аналізам дарожна-транспартных здарэнняў, у нас у мінулым годзе было здзейснена 41 дарожна-транспартнае здарэнне, пры якіх два чалавекі загінулі і 42 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. І, канешне, выклікае трывогу той факт, што 17 дарожна-транспартных здарэнняў, з усіх названых, адбыліся канкрэтна на пешаходных пераходах.

Камунальныя службы ведаюць аб праблеме і абяцаюць у хуткім часе выправіць сітуацыю, але інфармуюць, што на пінскіх элекрыкаў нагрузка ўдвая большая, чым у Баранавічах ды Берасці.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя