Жыхары шматкватэрнага дома ў Баранавічах дамагаюцца праўды



Жыхар Баранавіч Міхаіл Сакута пяты год даказвае ў розных кабінетах улады, што жыллёва-камунальная гаспадарка №7 самавольна і незаконна знесла ў іх 70-кватэрным доме, па вуліцы Рэпіна, пабудаваныя жыхарамі тамбуры і кладоўкі на пляцоўках кватэр.

Разбурэнне забудоў было зроблена ўладамі, каб спыніць скаргі адной з жыхарак, якая ў свой час адмовілася і ад тамбура, і ад кладоўкі, гаворыць Міхаіл Сакута:

– Жыллёва-эксплуатацыйная служба №7 горада Баранавічы бурыла нашы прыбудовы. Парушылі пастанову Савета міністраў, Жыллёвы кодэкс. Усталёўка часовых дзвярэй і перагародкі ў супольным калідоры, якая была выканана са згоды 2/3 ад агульнай колькасці ўдзельнікаў сумеснага домаўладання. Пераўладкаванне і рэканструкцыя не з’яўляюцца перапланіроўкай. У дадзеным выпадку не патрабуецца ўзгадненне ў выканаўчым і распарадчым органе.

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

У канцы мінулага году Сакута атрымаў дазвол гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні Дзмітрыя Ціхно на ўзнаўленне тамбураў і кладовак, але за сродкі жыхароў з афармленнем патрэбных папер у архітэктурным аддзеле. Можна звярнуцца ў суд. Але ў жыхароў няма грошай ні на аднаўленне, ні на судовыя разыходы.

Паводле сябра праваабарончага цэнтра Вясна Аляксандра Вайцешыка, цяперашняя ўлада стварыла патавую сітуацыю, калі нават відавочныя парушэнні законаў не выпраўляюцца, а людзі гадамі ходзяць па колу безвынікова.

Беларускае Радыё Рацыя