Жыхары Віцебска пазначылі выток Віцьбы, якая дала назву гораду



 Яшчэ ўвосень віцяблянін Яўген Гуцалаў даў абвестку ў Instagram, што шукае кампаньёнаў у незвычайную вандроўку – на пошукі вытокаў Віцьбы. І чацвёра энтузіястаў знайшлі тую кропку, дзе бярэ пачатак невялікая, даўжынёй усяго 33 кіламетры, рэчка. Выток Віцьбы знайшоўся ў лесе, за 20 км ад Віцебска і за 5 – ад вёскі Паддуб’е Віцебскага раёна, і там вырашылі ўсталяваць інфармацыйную шыльду.

Зрабілі гэта ўжо цяпер, узімку, распавёў Яўген Гуцалаў:

– Трэба было ісці па сумётах, несці гэтую шыльду. На машыне туды праехаць немагчыма, туды і пешкі цяжка прабрацца, прайсці туды. У самай глыбіні лесу багна, і не было сэнсу там нешта ставіць. Таму паставілі яе крышачку далей ад вытоку, там вельмі прыгожыя мясціны – там вольха, там сосны, там елкі…

Дарэчы, ідэю з усталяваннем шыльды ўвасобілі не толькі віцябляне: напрыклад, шыльду зрабіла дзяўчына Наталля з Петрыкава  Гомельскай вобласці. Нягледзячы на тое, выток Віцьбы знаходзіцца ў лесе і адносна далёка ад дарог і ад чалавечага жытла, Яўген Гуцалаў перакананы, што шыльда стане мясцовай цікавосткай і аб’ектам увагі вандроўнікаў ды краязнаўцаў.  Яны змогуць знайсці яе паводле каардынатаў 55.177278 п.ш., 30.492661 у.д.  і прачытаць надпіс  “З гэтых мясцін бярэ свой пачатак Віцьба. Рака, на якой стаіць старажытны горад Віцебск”.

 Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск