Жыхары Віцебска – супраць назоваў новых вуліц у савецкіх традыцыях



Віцебскі гарвыканкам абвясціў грамадскае абмеркаванне назваў вуліц у новым мікрараёне “Чаромушкі”. Улады прапануюць назваць тры новыя вуліцы мікрараёна ў гонар Першага сакратара Віцебскага гаркама КПБ Валянціна Міхельсона і Героя Савецкага Саюза, удзельніка мінулай вайны Грыгорыя Багамазава, а таксама ў гонар дзяржаўнай гарадской газеты “Віцьбічы”.

Вядома, што “Чаромушкамі” за савецкім часам называлі панельную забудову – на ўзор мікрараёна, збудаванага на месцы падмаскоўнай вёскі Чаромушкі. У Віцебску гэтая назва з’яўляецца і несучаснай, і штучнай, лічыць краязнаўца Сяргей Марціновіч:

– Гістарычна на гэтым месцы быў маёнтак Білева, хутары былі. Ніякіх Чаромушкаў тут ніколі не было… На маю думку, трэба называць вуліцы горада ў гонар знакамітых беларускіх пісьменнікаў, мастакоў. Бо памяць пра беларускіх дзеячаў мастацтва вельмі мала прадстаўлена на мапе Віцебска, трэба было б іх імёнамі называць вуліцы горада.

Афіцыйна грамадскае абмеркаванне назваў новых вуліц распачнецца 19 красавіка. Але гараджане ўжо абмяркоўваюць іх у сацыяльных сетках, прапануючы назваць вуліцы новага мікрараёна ў гонар пісьменніка Васіля Быкава, філосафа і мовазнаўцы Міхаіла Бахціна, мастакоў, якія прынеслі Віцебску сусветную вядомасць.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск