Жыхары Віцебскага раёна пратэстуюць супраць падаражэння праезду
Жыхары Заронаўскага сельсавета Віцебскага раёна накіравалі калектыўны зварот у Віцебскі аблвыканкам у сувязі з закрыццём Полацкага моста ў Віцебску. Пра гэта распавяла актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алена Янушкоўская.
Паводле яе, агулам свае подпісы паставілі 120 чалавек з розных населеных пунктаў. Акрамя таго, подпісы збіраліся ў пасажыраў аўтобусаў.
Згодна звароту, у сувязі з закрыццём моста змяніўся маршрут руху і прыпынкаў грамадскага транспарту ў раёне і Віцебску, павялічыўся час у дарозе, а таксама вырас кошт праезду, для некаторых вёсак амаль удвая.
У сувязі з гэтым жыхары сельсавета патрабуюць у выпадку немагчымасці адкрыцця Полацкага моста кампенсаваць выдаткі на праезд з-за яго падаражэння, зрабіць карэкцыю руху транспарту без шкоды для насельніцтва, а таксама ўзгадніць з людзьмі зручныя для іх прыпыначныя пункты.