Жыхары Віцебску – супраць новай Дошкі гонару



Петыцыя з патрабаваннем адмовіцца ад немэтазгодных грашовых выдаткаў і прапановамі пераадрасаваць гэтыя грошы на падтрыманне медычных установаў накіраваная 21 красавіка ў віцебскія гарвыканкам і гарсавет.

Якімі немэтазгоднымі выдаткамі абураюцца віцябляне? З падрабязнасцямі – Ганна Ліпка.

У Віцебску вырашылі ўсталяваць новую Дошку гонару. Мясцовыя ўлады лічаць, што найлепшае месца для яе – гэта Плошча Перамогі. Чым не задавальняе Дошка гонару, усталяваная ў 2007-м годзе ў скверы каля плошчы Леніна, ніхто не ўдакладняе. Але вядома, што новая канструкцыя будзе каштаваць 150 тысяч рублёў.

На думку складальнікаў петыцыі і тых, хто яе падтрымаў, новая Дошка гонару ніяк не з’яўляецца самым неабходным гарадскім аб’ектам. Гэтаксама як і замена чыгуннай агароджы на вуліцы Кірава і  каля плошчы Свабоды, якую ўвогуле запланавана рэканструяваць у самым хуткім часе.

“Наш горад не настолькі багаты, каб усё гэта сабе дазволіць. У горадзе ёсць нашмат болей надзённых праблем.  Можа, варта задумацца пра залішнія выдаткі ў такі час, калі людзі збіраюць грошы лекарам на ежу і сродкі абароны, і гарадскому савету дэпутатаў змяніць інвестыцыйную праграму?” — гаворыцца ў петыцыі.  Яе падпісалі больш за 300 чалавек. Праз 15 дзён яны спадзяюцца атрымаць адказ ад гарадскіх уладаў. Замест Дошкі гонару і замены агароджаў людзі прапануюць выдаткаваць грошы на рамонт дарог, будаўніцтва новага дзіцячага садка, забеспячэнне паліклінік і лякарняў сучасным медычным абсталяваннем.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск