Жыхары вёскі Бердзічы скардзяцца на дэпутатаў



Жыхары вёскі Бердзічы Чэрненскага сельсавета скардзяцца на працу раённых выканаўчых уладаў і мясцовых дэпутатаў. Яны патрабуюць пракласці ў населеным пункце дарогу і каналізацыю. Вяскоўцы ўжо сустракаліся з так званымі народнымі абраннікамі ў мясцовыя Саветы і збіралі подпісы за вырашэнне лакальнай праблемы, але пакуль – безвынікова.

Жыхары вёскі распавялі пра тое, якім чынам яны бароняць свае правы:

– Сход правялі, паабяцалі, па-мойму, на гэты год ваду, каналізацыю на наступны. Праблема ў прынцыпе ў тым, што яны не далі адказ, бо калі б яны далі адказ, я пісала б далей.

– Тут у нас, у мяне, у суседа, я ўжо дзве свідравіны прабіў – вада жахлівая, піць яе немагчыма, смярдзіць, іржавая. У гэтым годзе снегу не было, таму суха, а так тут балота.

Праваабаронца, прадстаўнік грамадскай ініцыятывы „Сацыяльны офіс” Юры Жыдовіч лічыць, што за вырашэнне праблемы жыхарам вёскі трэба будзе яшчэ раз праходзіць усе інстанцыі і кантраляваць вынікі:

– Іх па вялікім рахунку падманулі, ім давядзецца прайсці ўсё зноў – сабраць гэтыя подпісы, падаць, зарэгістраваць ва ўстаноўленым парадку, нейкім чынам актывізаваць свайго дэпутата. Калі законныя патрабаванні не будуць задаволеныя, то ўласна кажучы трэба прайсці ўсе інстанцыі, магчыма нават спатрэбіцца абарона сваіх інтарэсаў у судзе.

Прадстаўнікі Берасцейскага раённага выканаўчага камітэта перанакіравалі за тлумачэннем сітуацыі ў раённае прадстаўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі і дарожныя службы. Аднак гэта тыя інстанцыі, якія не прымаюць самастойныя рашэнні, а дзейнічаюць толькі згодна з рашэннямі прынятымі вышэйшымі ўладамі.

Беларускае Радыё Рацыя