Жыхары Высокага абураныя высокай платай за праезд на могілкі
Камянецкі райвыканкам увёў плату за праезд машынай на тэрыторыю могілак без малога 5 рублёў. У той час, як у Берасці плацяць 2 рублі з лішнім. У некаторых гарадах зусім не плацяць. Ды і ў Высокім розны падыход.
Каб спагнаць гэтыя грошы, закрылі вароты на замок, кажа абураная спадарыня Алеся з Высокага:
– У нас у Высокім ёсць старыя і новыя могілкі. На старыя ўваход бясплатны, вароты прыкрываюцца для бачнасці. На новых могілках усталяваны тарыф. Яны ж нічым не адрозніваюцца!
Паводле спадарыні Алесі, для людзей Высокага з невялікімі пенсіямі і заробкамі – гэта занадта дорага. Ёй самой прыйшлося для эканоміі сродкаў насіць усё для ўпарадкавання магілы на руках:
– Няма такіх высокіх заробкаў. Узяць сярэдняга пенсіянера. Няхай ён атрымлівае пенсію каля 200 рублёў. Каб паставіць вялікі помнік, трэба 4-5 заездаў зрабіць для завозу зямлі, заліўкі бетону і так далей. Атрымліваецца, што чалавек мусіць дзясятую частку сваёй пенсіі аддаць на тое, каб паставіць помнік.
Па словах галоўнага бухгалтара Камянецкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валянціны Канашук, – гэта рашэнне райвыканкама.
Фінансаванне на ўпарадкаванне год ад году змяншаецца. Камунальная гаспадарка даплачвае з прыбытку за кошт прэміяльных работнікаў. І плата за ўезд на могілкі кампенсуе таксама недаплачанае з бюджэта.
Беларускае Радыё Рацыя