Жыровічы сур’ёзна рыхтуюцца да юбілеяў



У вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна 24 cтудзеня адбылося пасяджэнне рэспубліканскага аргкамітэта пад кіраўніцтвам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігара Петрышэнкі па падрыхтоўцы святкавання 550-годдзя Жыровіцкай Іконы Божай Маці і 500-годдзя Жыровіцкага манастыра, юбілеі якіх будуць адзначацца сёлета ў траўні.

У аргкамітэце па святкаванню юбілеяў прынялі ўдзел таксама міністры інфармацыі і культуры Аляксандр Карлюкевіч і Юрый Бондар, упаўнаважаны па справах рэлігіі Леанід Гуляка, Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел і іншыя асобы.

Госці пазнаёміліся з ходам работ па ўпарадкаванню Жыровічаў і рамонтам аб’ектаў манастыра, а падчас пасяджэння адзначалася, што галоўная сцэнічная пляцоўка свята будзе знаходзіцца на вуліцы Саборнай недалёка ад Свята-Успенскага сабора. Падчас свята будуць працаваць розныя пляцоўкі, наладжаны выставы рэдкіх кніг, твораў мастакоў і г.д. Плануецца ўрачыстае адкрыццё помніка Серафіму Жыровіцкаму.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота slonves.by