Жыровіцкі фэст у гонар Іконы Божай Маці



Штогод  20 траўня ў Жыровічы, што на Слонімшчыне, прыязджаюць праваслаўныя вернікі, каб адзначыць вялікае свята  — дзень з’яўлення Жыровiцкай Іконы Божай Мацi. І сёлета ў Жыровічах было людна. На свята прыехалі вернікі з усіх куткоў Беларусі, а таксама мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх Беларусі Павел, які правёў службу ў гонар Жыровіцкай Іконы Божай Маці.

Сёлетняе ўшанаванне Жыровіцкай Іконы Божай Маці пачалося ва Успенскім саборы, а працягвалася каля Святой крыніцы, куды завітаў хрэсны ход і дзе адбыўся канцэрт.

Паводле легенды, нерукатворны вобраз з’яўляўся людзям двойчы. Першы раз – у канцы XV стагоддзя яго ў выглядзе каменя на звычайным грушавым дрэве знайшлі хлопчыкі-пастушкі. У гонар святой знаходкі мясцовы памешчык узвёў храм. Калі драўляная царква згарэла, абраз з’явіўя другі раз. У гонар выявы Багародзіцы ўзвялі каменны храм, а цуд-валун размясцілі ў яго алтарнай частцы. Храм у Жыровічах быў уніяцкім, пасля – праваслаўным.

У гады Другой сусветнай вайны Жыровіцкая ікона Божай Маці быццам апякала мясцовы манастыр – яго не разбурылі. Жыровіцкая ікона Божай Маці ўваходзіць у спіс 100 найбольш шанаваных у свеце. Яе шануюць праваслаўныя і грэка-каталікі. Ікона лічыцца цудадзейнай.

Беларускае Радыё Рацыя, Жыровічы