Жыровіцкі манастыр адзначыць 500-годдзе другі раз?
Як вядома сёлета ў канцы траўня ў Жыровічах на Слонімшчыне адбудзецца вялікае юбілейнае свята – 550-годдзе Жыровіцкай Іконе Божай Маці і 500-годдзе Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра.
Пра гэта пішуць розныя СМІ, да юбілею рыхтуецца праваслаўная Беларусь, а таксама Жыровічы. Сюды на юбілей плануюць завітаць патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (Гундзяеў), кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а таксама магчымы прыезд прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, хаця афіцыйнага пацвярджэння пакуль яшчэ няма.
Дзіўная рэч атрымліваецца з гэтым юбілеем. Справа ў тым, што Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр ужо адзначаў сваё 500-годдзе ў 1994 годзе. На юбілей 20 траўня 1994 года ў Жыровічы нават прыязджаў старшыня Савета Міністра Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч. Пра тое, што Жыровіцкі манастыр адзначаў у 1994 годзе сваё 500-годдзе, нагадваюць і розныя друкаваныя крыніцы. Вось, напрыклад, выданне «500 лет 1494-1994 Жировичский Свято-Успенский монастырь». Выданне захоўваецца ў бібліятэцы Жыровіцкага манастыра (№1415). Кніжка была выдадзена да юбілею манастыра ў Гомелі ў 1994 годзе. Прадмова да гэтай кнігі пачынаецца так: «Сёлета спаўняецца 500 гадоў Жыровіцкаму Свята-Успенскаму мужчынскаму манастыру… і г.д»… Аўтар прадмовы падпісаны крыптанімам: Б.А. Гэта ніхто іншы, як Аляксандр Балоннікаў, протаіерэй, які цяпер жыве і служыць у Гародні. Багаслоўска-літаратурна-мастацкі лісток «Жыровіцкая абіцель» (№8, 1998) надрукаваў на сваіх старонках кароткую гісторыю манастыра, дзе чорным па беламу напісана, што манастыр быў заснаваны ў 1493-1494 гадах. І такіх прыкладаў шмат.
Дык навошта зноў праз 26 гадоў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр будзе адзначаць 500-годдзе? І каму верыць?.. І для каго гэты новы юбілей? Ці не для прыезду таго ж патрыярха Кірыла-Гундзяева?..
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя