Жыровіцкі манастыр прыпыніў прыём наведнікаў з-за эпідсітуацыі



Архіепіскап Наваградскі і Слонімскі Гурый, намеснік Жыровіцкага Свята-Успенскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра, з 20 красавіка знаходзіцца ў шпіталі з пнеўманіяй, паведамляецца на сайце Наваградскай епархіі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.

„Калі такі высокадухоўны архірэй моліцца за ўсіх нас з вамі, за ўвесь свет, каб Збаўца не пакінуў людзей, адвёў бяду, якая навісла над чалавецтвам, папускае пацярпець яму самому, — гаворыцца ў паведамленні на сайце епархіі. — У тэлефанаванні сакратару епархіі ўладыка заклікаў усіх не паддавацца паніцы і адзначыў: „Усякая хвароба — гэта наведванне Божае, і ўспрымаць яе трэба як Яго вялікую ласку”.

„На 21 красавіка стан уладыкі стабільны, ёсць паляпшэнне медыцынскіх паказчыкаў”, — адзначылі ў епархіі.

Сакратар Наваградскай епархіі протаіерэй Анатоль Герасімук паведаміў БелаПАН, што сёння ён размаўляў з архіепіскапам Гурыем. „Уладыка дзякуе ўсім за малітвы. Ён у стабільным стане, у яго палепшыліся аналізы. Так, пнеўманія, але ўсё пад кантролем, і ва ўладыку, дзякуй Богу, усё добра”, — сказаў айцец Анатоль.

На афіцыйнай старонцы Жыровіцкага манастыра ў „Фэйсбуку” 21 красавіка апублікаванае паведамленне аб тым, што „манастыр і дамы паломнікаў прыпыняюць прыём наведвальнікаў на перыяд да 10 мая”. Гэта звязана з „эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце”.

Архіепіскап Гурый, у свеце Мікалай Апалька, нарадзіўся 30 мая 1956 года ў пасёлку Ільнозавод (цяпер вёска Калектыўная) Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Больш за 30 гадоў узначальвае Жыровіцкі манастыр і амаль 24 гады кіруе Наваградскай епархіей.

belapan.by