Жыта ці васількі? Некалькі ідэй для праспекта Леніна ў Гомелі



Урбаністычная ініцыятыва “Smart Homel” прапануе некалькіх цікавых ідэй як зрабіць больш камфортным і прывабным праспект Леніна ў Гомелі.

На думку аўтараў зараз тэрыторыя ўздоўж праспекта Леніна каля гомельскага аблвыканкама мала чым вылучаецца і з’яўляецца не самым камфортным месцам: шумная і загружаная вуліца, на якой адсутнічаюць дрэвы, а візуальна няма за што зачапіцца.

Хоць за апошнія месяцы ў горадзе было высаджана шмат новых зялёных насаджэнняў, але перш-наперш вяртаць іх трэба на вуліцы цэнтра нашага горада. Яны ствараюць неабходную гараджанам утульнасць, даюць цень улетку, дадатковую абарону ад ветру, пылу і шуму. На жаль за апошняе дзесяцігоддзе з гэтага кавалка праспекта Леніна зніклі амаль усе дрэвы.

На ўчастку ад плошчы Леніна да вул. Інтэрнацыянальнай засталося толькі 3 маленькіх дрэўцы. Усе астатнія – былі ліквідаваныя, а лункі ад іх (дзе патэнцыйна можна было б высадзіць новыя расліны) – закладзеныя пліткай.

“Магчыма цяпер будынак аблвыканкама і выглядае нібыта толькі што збудаваны, але адна справа – фота для паштоўкі, а зусім іншая – клопат пра гараджан. Таму я лічу, што нашым уладам варта задумацца над прыярытэтамі. У дадзеным выпадку, проста размесціўшы тут нармалёвыя шматгадовыя дрэвы, для высадкі якіх у камунальных службаў горада ёсць неабходная тэхніка, можна ў разы падвысіць прывабнасць і камфортнасць праспекта”, — адзначае кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы “Smart HomelЯўген Меркіс.

Вядома, што горад над Сожам штогод багата ўпрыгожваюць высаджанымі кветкамі, але іх разнастайнасць, а галоўнае адметнасць пакідаюць жадаць лепшага.

“Мы вырашылі прыглядзецца да старых бетонных кветнікаў, якія знаходзяцца на гэтым кавалку праспекта. Тут ёсць два нестандартных тыпы, у якія звычайна высаджваюць нейкія аксаміткі ці іншыя кветкі. А мы прапаноўваем высадзіць тут валошкі або жыта, бо лічым, што гэта глядзелася б сапраўды незвычайна. Да таго ж гэта нашыя нацыянальныя сімвалы і такога ў цэнтры іншых беларускіх гарадоў сапраўды няма. Наш горад пры рэалізацыі такой не надта дарагой ідэі дакладна выйграў бы!”, — лічыць аўтар візуалізацый Ганна Дудашэнка

 

На магчымасць высадкі жыта ў цэнтры горада звярнуў увагу ініцыятыўных гомельцаў Ігар Корзун — актывіст грамадскай кампаніі «Гарадскі Ляснічы». Падчас свайго візіту ў Гомель ён прывёў у прыклад Вільню, дзе падобная ідэя, хай і ў трохі іншым выглядзе была рэалізаваная некалькі год таму.

Актывісты “Smart Homel” прапаноўваюць пераглядзець і каляровае афармленне размешчаных на праспекце слупоў.

“На ніжняй частцы кожнага з іх месцяцца цікавыя ўзоры — гэта аб’ёмныя выявы з металу, якія, на жаль, штогод пакрываюць усё новым і новым слоем шэрай фарбы, — адзначае Ганна Дудашэнка. — У выніку створаная майстрамі прыгажосць абсалютова губляецца. Мы вырашылі акцэнтаваць гэтыя фігуры з дапамогай лагодных колераў. Так гэтыя выявы не будуць рэзаць вочы сваёй яскравасцю, але дакладна зробяць выгляд усяго праспекта больш вытанчаным і стылёвым”.

Варта адзначыць, што падобнае рашэнне з расфарбоўваннем узораў на слупах можна сустрэць і ў Менску.

Аўтар фота – Сяргей Гудзілін 

Расфарбаваны герб Дубліна на ліхтары.

Акрамя таго актывісты ўрбаністычнай ініцыятывы “Smart Homel” звяртаюць увагу на занадта звужаны на карысць аўто тратуар каля Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці (пр-т Леніна, 6).

“Калі б аўтамабілям тут пакінулі права паркавацца толькі паралельна тратуару, то камфортнасць перасоўвання для пешаходаў і раварыстаў дакладна падвысілася б, — лічыць Яўген Меркіс. — А прадстаўляючы бясплатныя парковачныя месцы горад толькі стымулюе людзей перасоўвацца па ім толькі на аўтамабілі, што ў выніку стварае заторы на нашых вуліцах і прыводзіць да негарманічнага развіцця горада”.

На думку ўрбаністаў побач з гомельскім аблвыканкамам мае нарэшце з’явіцца і нармалёвая стаянка для ровараў. Бо пакуль што чыноўнікі толькі дэкларуюць аб сваёй прыхільнасці да роварнага транспарта ў горадзе і вобласці, але побач са сваім працоўным месцам дагэтуль не ўстанавілі аніводнага месца, дзе б карыстальнікі ровара маглі прыпаркавацца.

У бліжэйшы час актывісты збіраюцца данесці гэтыя ідэі да кіраўніцтва горада і спадзяюцца на станоўчы адказ.

Урбаністычная ініцыятыва “Smart Homel” існуе ў Гомелі з 2016 г. У мэтах ініцыятывы – спрыянне грамадскай актыўнасці ў горадзе, аб’яднанне актыўных гараджан для вырашэння гарадскіх праблем, а таксама стварэнне ідэй і праектаў, якія дапамогуць зрабіць горад лепей і камфортней.

Паводле прэс-рэлізу