Жыццё хатніх жывёл у Беларусі будзе рэгулявацца законам



У 2015 годзе ў Беларусі можа з’явіцца закон, які будзе рэгуляваць утрыманне хатніх жывёл. Такія спадзяванні маюць беларускія актывісты заалагічна руху. Галоўнае, што мусіць вырашыць закон, гэта прымусовая стэрылізацыя, каб максімальна скараціць колькасць бадзяжных жывёл у краіне. Сябра праўлення Пінскага гарадскога дабрачыннага аб’яднання “Абарона жывёл” Алена Рамановіч кажа, што закон павінен утрымоўваць комплекс захадаў па адказнасці чалавека за чацвералапага сябра.

– Хочацца спадзявацца, што гэты закон будзе варты і ўлады сапраўды прыслухаюцца да заабаронцаў, і гэты закон будзе ўтрымліваць тыя пункты, на якіх абаронцы звяртаюць увагу. То бок мараторый на развядзенне беспародных жывёл, калі жывёлы гаспадароў падлягаюць абавязковай стэрылізацыі. Калі вы хочаце разводзіць, то плоціце падатак дзяржаве і разводзіце. І пакаранне за выкідванне жывёлаў на вуліцу.

Размовы пра адпаведны закон беларускія парламентары вядуць даўно, але ў кола абаронцаў жывёл паступіла інфармацыя пра тое, што ёсць папярэдняе рашэнне прыняць гэты заканадаўчы акт.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mesto-pod-solncem.org