Жывая прэзентацыя партрэта Вацлава Ластоўскага



У Глыбокім прайшла акцыя па ўшанаванні памяці грамадскага і палітычнага дзеяча ў дзень яго народзінаў. Яна адбылася ў форме жывой прэзентацыі жывапіснага партрэта Вацлава Ластоўскага на вуліцах горада. Яе зладзіў мастак Алесь Пушкін. Ён разам з напісаным ім партрэтам былога прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага прайшоўся ад гарадской бібліятэкі да Алеі славы славутых землякоў у Глыбокім. Там мастак з партрэтам сфатаграфаваўся каля бюста Ластоўскага і ў іншых знакавых месцах горада.

Паводле Алеся Пушкіна, гэта акцыя актуальнага мастацтва прадэманстравала, як постсавецкае грамадства рэагуе на недафармаванасць і недаспеласць тых працэсаў, пра якія марыў і намагаўся закласці цягам свайго трагічнага жыцця акадэмік Вацлаў Ластоўскі:

– Асоба Вацлава Ластоўскага, ягоны трагічны лёс выбітнага беларускага нацыянальнага дзеяча – выдатная нагода яшчэ раз нагадаць пра сучаснасць гэтай асобы, актуальнасць усёй яго навуковай і палітычнай дзейнасці і справакаваць характэрную рэакцыю сённяшняй улады Беларусі на жыццё і чын выдатных прадстаўнікоў беларускай эліты, якія сфармавалі нашу ідэалогію і заклалі на пачатку ХХ стагоддзя падмуркі нашай сённяшняй Дзяржавы і Незалежнасці.

Падчас акцыі мастак размаўляў з мінакамі горада і цікавіўся ў іх, што яны ведаюць пра асобу Ластоўскага. Як аказалася, глыбачане добра ведаюць свайго земляка.

Беларускае Радыё Рацыя