Жывёльнай крамы гаспадыня
У Берасці надзвычай насычаны заалагічны рынак. Здараецца, што ў спажыўца ў радыусе 300 метраў ад дома тры зоакрамы на выбар з прыкладна аднолькавым асартыментам. Вось і крама Наталлі Катовіч знаходзіцца непадалёк ад мяне, але я нават не заўважыла была яе з’яўлення.
А аднойчы зайшла і нявольна затрымалася паназіраць, з якой абазнанасцю прадавачка тлумачыць пакупнікам, які тавар лепш выбраць, а якім лепш не мучыць жывёлу. Другі раз затрымалася паслухаць гісторыю пра шкодлівую котку, што жыве ў краме, ды пагладзіць іншую, што таксама там жыве. Штосьці было тут, што адрознівала краму ад іншых, і ў прычынах гэтага захацелася разабрацца ўжо з прафесійнай цікавасці.
Прычына першая – прафесійная
Наталля не сказаць, каб загарэлася ад энтузіязму, калі пачула, што пра яе хочуць напісаць. Але ў рэшце рэшт згадзілася і прапанавала прыйсці ў другой палове любога выходнага дня, калі людзей становіцца менш.
Я прыйшла ў нядзелю, але даволі рана, таму ў кампаніі трох катоў назірала, як упэўнена Наталля дапамагае пакупнікам зрабіць выбар. Да гэтага моманту я ўжо ведала прычыну гэтай упэўненасці – уласніца крамы ў мінулым працавала ветэрынарам. Таму яна гэтак смела можа аспрэчваць некаторыя звесткі на анатацыі прэпаратаў, а таксама рэкамендаваць лек узамен прапанаванага ў клініцы. Можа бойка папракнуць пакупніка адносна таго, чым ён корміць ката, а можа і зрабіць заўвагу пастаўнікам, калі тыя пачынаюць катэгарычна казаць пра шкоду натуральнга мяса для дамашніх жывёл.
Шлях Наталлі Катовіч ад ветэрынара да індывідуальнага прадпрымальніка быў не прамым, і ляжаў праз менаджарскую пасаду ў аддзеле продажаў буйнога берасцейскага прадпрыемства. Быць начальнікам ёй не спадабалася, і ўнутраны канфлікт у рэшце рэшт вырашыўся на карысць звальнення. “Мне здавалася, што ў сорак год без праблем можна знайсці працу – ні малых дзяцей з частымі бальнічнымі, ні пагрозы сысці ў дыкрэт, – распавядае Наталля. – Але ж аказалася, што мае сябры мелі рацыю, калі папярэджвалі: у сорак год ты ўжо нікому не патрэбны”.
Такім чынам, кваліфікаваны спецыяліст з вопытам кіравання апынулася на звычайнай біржы працы, дзе ёй не змаглі прапанаваць нічога талковага, акрамя курсаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Першапачаткова Наталля вырашыла заняцца продажам пасцельнай бялізны, але ўжо на этапе планавання зразумела, што гэта не лепшае рашэнне. І скарыстала параду для прадпрымальнікаў, што толькі пачынаюць, – ісці ў тую сферу, якую лепш за ўсё ведаеш.
Прычына другая – аматарская
Але калі першая прафесія Наталлі і дапамагае прыцягваць пакупнікоў, то відавочна толькі часткова. Магчыма, нават не на 50 %, бо зоакрама – усё ж не ветэрынарная клініка, і пакупнікам далёка не заўсёды трэба дапамога прафесіянала.
А вось адчуваць, што прадавец шчыра любіць жывёл ім неабходна. І Наталля, зацяты каталюб, адпавядае іх чаканням. Усе пастаянныя пакупнікі ведаюць, што дома ў Наталлі жывуць тры сфінксы, а ў краме – яшчэ дзве падабраныя на вуліцы коткі. Днём яны гуляюць па вуліцы ці спяць у некалі прызначаным на продаж каціным ложку, а на ноч іх закрываюць у краме, і яны перыядычна з задавальненнем карыстаюцца адсутнасцю чалавека, каб накласці лапу на ўгледжаны на прылаўку корм. Тут жа ў краме, але ў асобным памяшканні, жывуць таксама дэкаратыўныя пацукі і пара птушак. У адрозненні ад рыбак, яны не прызначацца на продаж: “Я іх занадта люблю, каб прадаваць”, – кажа Наталля. У асобнае памяшканне яна іх адсяліла па меркаваннях бяспекі, бо дзецям, а часам і дарослым, заўсёды хацелася ўсунуць пальцы ў клетку з пацукамі.
Акрамя пастаянных жыхароў крамы, рэгулярна заходзяць сюды і госці. Даўно сваім стаў, у прыватнасці, кот з суседняга дома. У яго ёсць уласны гаспадар, але, відаць, з тых, хто перакананы, што кот мусіць сам сябе пракарміць. Раней кот проста прыходзіў паесці, а аднойчы прыбег з адарваным хвастом. Пакуль ён еў, ля міскі налегла лужына крыві, і Наталля, хоць і заракалася траціць грошы на чужых жывёл, адправіла на таксі сваю памочніцу ў ветэрынарную клініку. Цяпер кот жывы і задровы, і штодзень працягвае наведвацца да Наталлі. А яна часта жартам любіць згадваць словы дачкі, сказаныя пасля таго выпадку: “Так мы, мама, ніколі не пабагацеем”.
Прычына трэцяя – асобасная
Наталля Катовіч прыгадвае, што, канешне ж, уваходзіць у насычаны рынак зоатавараў было вельмі цяжка. Цяжка было і абжываць новае месца. Таму першы час яна працавала са значнымі стратамі. Цяпер стала лягчэй, але ўсё роўна справы ідуць не так, як хацелася б, і пэўныя даўгі за прадпрымальніцай увесь час застаюцца. Да таго ж невядома, як будзе працавацца са зменамі ў Падаткавым кодэксе, якія ўжо ўступілі ў сілу. Адзінае, што зразумела Наталля, – спрошчаная сістэма падаткаабкладання перастала быць выгаднай. У сувязі з гэтым нараджаецца шмат пытанняў, на якія адмаўляюцца адказваць у падаткавай інспекцыі, рэкамендуючы чытаць кодэкс ці ісці ў платную кансультацыю.
І нягледзячы на гэта, нягледзячы на тры гады працы без адпачынку, Наталля Катовіч не шкадуе, што пайшла на свой уласны, такі нялёгкі хлеб. Ёй, экстраверту, вельмі камфортна працаваць з людзьмі. Хоць адносінам менавіта як прадаўца з пакупнікамі ёй прыйшлося вучыцца з нуля. Наталля прыводзіць прыклад, што яе прыродны гучны голас часта расцэньвалі як грубасць, асабліва, калі яна прапаноўвала людзям прачытаць нешта на ўпакоўцы. І ёй дагэтуль прыходзіцца працаваць над сабой, каб знайсці залатую сярэдзіну паміж уласцівай ёй прамалінейнасцю і ветлівасцю да пакупнікоў.
З другога боку, любыя непаразуменні лёгка згладжваюцца, калі размаўляюць два чалавекі, якіх аб’ядноўвае адна жарсць. “Што мне найбольш падабаецца ў маёй працы, гэта як раскрываюцца людзі, калі пачынаеш распытваць іх пра жывёл. Яны іх згадваюць, і адразу расцвітаюць. Таму што нельга са злосцю гаварыць пра любімую істоту”.
Няхай бы бізнэс Наталлі Катовіч перажыў крызіс – як і пачынанні тысяч іншых людзей, што займаюцца тым, што любяць. Гэта ж толькі здаецца, што выключна ім карысць ад спалучэння працы і душэўных захапленняў. Спажывец ад гэтага выйграе не менш.
Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя