Зігмунт Лазінскі – сімвал беларускай мовы ў касцёле
У сакавіку 1932 года ў Пінску развітваліся з біскупам Зігмунтам Лазінскім. Іерарх адыходзіў у невыносных болях, але не губляў прытомнасці, ён казаў прысутным: “не хацеў бы праспаць прыгожую хвіліну, якою з’яўляецца смерць у жыцці чалавека”. Постаць біскупа займае важнае месца ў рэлігійным жыцці Беларусі.
Ёсць абсалютна супрацьлеглыя адзнакі дзейнасці іерарха: адныя прылічваюць Лазінскага да ліку святых, дзякуюць за захаванне хрысціянства ў Беларусі, а другія вінавацяць у прасоўванні паланізацыі. Пры гэтым біскуп правёў першае беларускае багаслужэнне. Дык хто ж ён?
Біскуп Пінскі і Менскі Зігмунт Лазінскі (1870-1932)
Захаваў тое, што абяцаў Стваральніку ў Камунію
Першы менскі ды пінскі біскуп нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 года ў шляхецкай сям’і ў аколіцах Наваградку.
З ранніх гадоў праявіў цягу да навук, меў энцыклапедычныя веды, вылучаўся эрудычнымі здольнасцямі. Сучаснікі ўзгадвалі, што біскуп меў “вялікае сэрца ды добрае пачуццё гумару”, не заставаўся абыякавым да патрэб бедных і стараўся перадаць свае веды пра Госпада. У юнацтве Лазінскі знаходзіўся пад уплывам роднага дзядзькі, ксяндза Вітольда Чэчата. Дзядзька апекаваў пляменніка ад дня прыняцця камуніі да завяршэння вучобы ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі. Чэчат хваляваўся, каб Зігмунт не адступіў ад веры і стаў годным абаронцам слова Божага.
23 чэрвеня 1895 года Лазінскі атрымаў сан святара і пачаў душпастарыскую дзейнасць. Праз тры гады адбываецца канфлікт з расейскімі ўладамі. Па адной з версій Зігмунт заступіўся за брата, які не хацеў удзельнічаць у праваслаўным набажэнстве, а па іншай – ксёндз падтрымаў імкненне народаў Расейскай імперыі да самавызначэння. Так ці не, але 17 лістапада 1898 года яго прыгаварылі да трох гадоў ссылкі. Пакаранне адбываў у латвійскім манастыры.
У 1901 годзе вярнуўся да духоўна-асветніцкай дзейнасці, выкладаў святое пісьмо ды старажытнагабрэйскую мову ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі, а ў 1905 годзе прызначаны настаяцелем Кафедральнага сабора ў Менску.
Візіт біскупа ў мястэчка Дамачава, што на поўдзень ад Берасця, 1928 год.
Падтрымка БНР альбо прагматычны разлік
Амаль стагоддзе таму адбылася пераломная падзея ў развіцці беларускай мовы – 6 снежня 1918 года ў Менскім катэдральным касцёле па-беларуску загучала святое Евангелле. Першую афіцыйную багаслужбу правёў біскуп Зігмунт Лазінскі і манах-марыянін Фабіян Абрантовіч. Лазінскі змяняе стаўленне да касцёлу на Беларусі, набліжае яго да звычайных людзей. Разам са сваімі паплечнікамі пачынае фармаванне Беларускай каталіцкай царквы. Першыя спробы беларусізацыі касцёла перапыненыя прыходам “чырвоных” у Менск.
Магчыма такім чынам біскуп выказаў падтрымку Беларускай Народнай Рэспубліцы, вырашэнне лёсу якой на той момант знаходзілася ў кульмінацыйнай фазе. На Беларусь з Усходу насоўваўся бальшавізм.
Нельга пакідаць па-за ўвагай і пазіцыю самаго святара. Ён лічыў сябе палякам, але з пашанай адносіўся да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў і веравызнанняў, што ад старажытных часоў прысутнічалі на землях былой Рэчы Паспалітай. Лазінскі вітаў права народнасцяў на багаслужбу на роднай мове.
Разам з тым нельга адмаўляць факта, што, знаходзячыся ў Пінску, біскуп прасоўваў „польскасць”, але толькі з прычыны ўваходжання Палесся ў склад міжваеннай Польшчы. Неабходна адзначыць, што Зігмунт Лазінскі валодаў 12 мовамі і для яго з’яўлялася галоўным – несці Божае слова на любой мове. Іскравы доказ таму мерапрыемства ў пінскай семінарыі. У 1930 годзе з нагоды 500-годдзя з дня смерці вялікага князя літоўскага Вітаўта адбылося ўрачыстае пасяджэнне, падчас якога слухалі рэфераты па гісторыі на беларускай, літоўскай, латышскай, нямецкай, польскай ды ўкраінскай мовах.
Сход біскупаў Польшчы, Зігмунт Лазінскі стаіць другім у левым вуглу, 1925 год.
Бальшавікі багахульнікі і будзе ім вайна
У лістападзе 1917 года аднавілася дзейнасць Менскай рымска-каталіцкай епархіі, якую па рашэнні Папы Рымскага Бенедыкта ХV узначаліў Зігмунт Лазінскі.
Акрамя арганізацыі рэлігійнага жыцця ў адроджанай епархіі, біскуп імкнецца стварыць духоўную семінарыю для падрыхтоўкі беларускіх святароў. У кастрычніку 1918 года яму гэта ўдалося – створана Менская духоўная семінарыя. Рэалізаваць усе задумы, як і весці паўнавартасную душпастарыскую працу, было складана. Беларусь знаходзілася ў цэнтры сусветнай і грамадзянскай вайны. Менск некалькі разоў па чарзе пераходзіў ад немцаў да рускіх, ад палякаў да камуністаў. На жаль, спроба ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі не мела поспеху.
У снежні 1918 года беларускую сталіцу заняла Чырвоная Армія. Пачаўся тэрор, чыстка грамадзян ды здзек над вернікамі. Лазінскі не прыняў такой улады. На працягу паўгода хаваўся ў лясах, пры гэтым працягваючы праводзіць набажэнствы і кіраваць епархіяй.
Улетку 1920 года Чырвоная Армія зноў вяртае сабе Менск і абвяшчаецца Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь. На наступны дзень пасля ўтварэння ССРБ Лазінскага, як контррэвалюцыянера, арыштавалі і змясцілі ў сумнавядомую маскоўскую турму «Бутырка».
Праз год зняволення, бальшавікі пад ціскам Польшчы і Ватыкана вызвалілі Зігмунта Лазінскага. Іерарх пакінуў “чырвоную” Расею і накіраваўся ў Польшчу ў горад над Пінай.
Вясна 1928 года. Лазінскі зноў ў мястэчку Дамачава, дзе ў 1927-32 гадах служыў ксёнд Пётр Татарыновіч – чалец ЦК БХД, стваральнік і першы дырэктар беларускай рэдакцыі “Радыё Ватыкан”.
Пінск назаўжды прыняў Слугу Божага
Упершыню ў палескай сталіцы Зігмунт Лазінскі апынуўся ў сакавіку 1919 года, калі горад заняла група “Палессе” пад началам генерала Антонія Лістоўскага. У выніку паспяховага наступу Чырвонай Арміі біскуп хутка вярнуўся ў Менск.
Напачатку 1925 года Папа Рымскі Пій ХІ падняў пытанне пра стварэнне новай дыяцэзіі ў Польшчы. І ўжо 28 кастрычніка выдаў булу «Vixdum Poloniaeunitas», якая абвяшчала стварэнне Пінскай каталіцкай епархіі. Яе першы біскуп – Зігмунт Лазінскі.
Месяцам раней у сталіцы Палесся пачала дзейнасць Вышэйшая Семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага. Навучальная ўстанова – мара Лазінскага. Семінарыя праіснуе да 1939 года і будзе адроджана ў 2001 годзе, дзякуючы намаганням Казіміра Свёнтка. Епархія таксама спыніць існаванне з прыходам саветаў і адновіцца ў межах Берасцейскай ды Гомельскай абласцей у падначаленні Менска-Магілёўскай архіепархіі толькі ў 1991 годзе.
Пінск. 2014 год. Комплекс Вышэйшай духоўнай міждыяцэзіяльнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага.
Калі не ён, то хто з нашых біскупаў можа быць святым?
Пасля працяглай хваробы ды двух цяжкіх аперацый, 26 сакавіка 1932 года, іерарха не стала. Ён адыйшоў удзень на Вялікую Суботу. Нават знаходзячыся на смяротным ложку працягваў пытацца, як справы ў вернікаў, семінарыстаў і ў цэлым у епархіі. Даваў загады і парады, прынамсі прымушаў ксяндзоў з павагай ставіцца да праваслаўных, ведаць іх традыцыі і па магчымасці ўзаемадзейнічаць.
“Задачай маёй было весці вас да неба, дзеці мае! Вельмі слаба служыў я вам; ні словам, ні прыкладам я не ўмеў быць правадыром, якому трэба было быць. Прабачце мне мае грахі … Але я вас любіў бясконца і сапраўды хацеў аддаць за вас ўсё маё жыццё, і заўсёды прасіў Пана Езуса, каб дазволіў мне за вас пакутаваць, а таксама праз пакуты заслужыць Касцёлу тое, чаго не магла здабыць для Яго мая няўдалая праца …” – такімі былі апошнія словы іерарха.
На пахаванні віленскі біскуп Міхалькевіч сказаў: “Калі не ён, то хто з нашых біскупаў можа быць святым?”. Зігмунт Лазінскі пры жыцці меў вялікую павагу сярод вернікаў, любоў да яго не знікла і пасля смерці, яна перадаецца праз пакаленні.
У 1957 годзе распачаты працэс прылічэння Лазінскага да ліку блажэнных. Вернікі моляцца, каб гэты працэс хутчэй падышоў да завяршэння.
Зігмунт Лазінскі з жыхарамі вёскі Новая Мыш, што ў сучасным Баранавіцкім раёне, на здымку бачна хваравітасць іерарха, пачатак 1930-х гадоў.
Лазінскі ў жыцці першага беларускага кардынала
Казімір Свёнтэк звязаў сваё жыццё са служэннем Госпаду пасля малітвы каля труны Зігмунта Лазінскага. Казімір, скончыўшы гімназію ў Баранавічах, накіраваўся ў пілігрымку ў Пінск. Чарга ісці ў крыпту, да мошчаў іерарха, дайшла да Свёнтэка. У момант малітвы юнак адчуў пакліканне быць святаром. Уся гэтая сітуацыя здзівіла не толькі сяброў Казіміра, але і яго самога, бо ён меў намер быць філолагам ды ўжо рыхтаваўся да паступлення ў Віленскі універсітэт. Такім чынам, Зігмунт Лазінскі стаў нябесным заступнікам першага беларускага кардынала. Свёнтэк звяртаўся па дапамогу да памерлага іерарха з розных прычын і атрымліваў неабходную дапамогу.
Не менш цікавая гісторыя з самой труной. Як вядома, біскуп ад часоў Грамадзянскай вайны (1917-1921) быў ворагам бальшавікоў, таму вернікі не без падстаў лічылі, што атэістычныя ўлады могуць учыніць гвалт над целам Слугі Божага. Каб гэтага не сталася духавенства разам з парафіянамі замуравалі труну ў сцяну касцёла.
Зігмунт Лазінскі лічыцца нябесным заступнікам Пінска, але гэта ўжо іншая гісторыя…
Верагодна пахаванне Зігмунта Лазінскага ў пінскім кафедральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, сакавік 1932 год.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя