Зінаіда Бандарэнка: Беларусь замерла перад нейкай значнай падзеяй



Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка з абурэннем кажа пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі.

 

Зінаіда Бандарэнка: У мяне складваецца ўражанне, што сёння Беларусь замерла перад нейкай вельмі значнай падзеяй. Не можа краіна ўвесь час знаходзіцца ў такім дэпрэсіўным стане, бо гэта не ўваходзіць ні ў якія маральныя межы.

Ідзе нейкі здзек над народам, які і так шмат вытрымаў – і ў часы вайны, і ў часы ўсёй гісторыі. Я не разумею толькі адно: куды ж падзелася наша Канстытуцыя? Не ведаю, куды мы прыйдзем.

РР: Пасля выбараў ва ўладаў рэзка змянілася стаўленне да ўсяго нацыянальнага – сімволікі, нейкіх праектаў…

Зінаіда Бандарэнка: Гэта вынік пратэстаў, якія праходзілі пад бел-чырвона-белай сімволікай. Але пад гэтай жа сімволікай прымаў прысягу і Аляксандр Лукашэнка.

Герб “Пагоня” наогул афіцыйна ўнесены ў шэраг гісторыка-культурных каштоўнасцей, але гэта, як аказалася, не нагода для таго, каб за тую ж “Пагоню” не штрафавалі. Адным словам, усё перавярнулася з ног на галаву, і дна не бачна тым абсурдным рашэнням, якія сёння прымаюцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя