Зінаіда Бандарэнка: Чарнобыль усё яшчэ баліць беларусам
„Чарнобыль усё яшчэ баліць беларусам”, – выказалася ў нашым эфіры ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай станцыі легендарная дыктарка Беларускага тэлебачання, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
А сёння сутыкаемся з той сітуацыяй, калі антынародная ўлада далей замоўчвае праўду пра трагедыю ды не дазваляе беларусам памятаць пра яе. Кажа Зінаіда Бандарэнка:
– Гэтая дата ніколі не сыйдзе. Гэта катастрофа сусветнага маштабу. Хоць яна адбылася на ўкраінскай тэрыторыі, але больш пацярпела Беларусь, чым Украіна. Раней людзі хоць маглі выйсці і паказаць, што Чарнобыль не забыты. А цяпер нават выходзіць і тое жудасна. Божа мой, выскачаць гэтыя “малойцы-сілавікі”!
Менскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні «Чарнобыльскага шляху» ў сталіцы, спасылаючыся на адсутнасць дамоваў з міліцыяй, хуткай дапамогай і камунальнікамі, «няправільны» маршрут, які, на думку ўладаў, не адпавядае патрабаванням закону. А таксама арганізатары нібыта да атрымання адказу ад уладаў агучылі маршрут і час збору ўдзельнікаў, што забаронена законам. Яшчэ адною з прычынаў пазначылі каронавірус. Усе акцыі сёння ў Менску лічацца не дазволенымі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя