Зінаіда Бандарэнка: Моладзь павінна ведаць, які страшэнны час перажылі людзі
Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка распавядае пра магчымы мемарыял у Курапатах.
Падчас тэматычнага круглага стала, арганізаванага газетай «СБ. Беларусь сегодня», было заяўлена, што ўрочышча Курапаты павінна стаць агульнанацыянальным мемарыялам смутку і памяці.
Зінаіда Бандарэнка: Калі дзяржава вырашыла далучыцца да гэтай справы, то гэта добра, хаця я бачу, што некаторыя катэгарычна супраць любой супрацы з уладай. Але мне падаецца, што не трэба быць фанабэрыстымі шляхцічамі, а варта далучацца адзін да аднаго. Нам трэба краіну ратаваць, яе незалежнасць. А пра Курапаты і казаць няма пра што… Па некаторай інфармацыі, улады насамрэч заварушыліся ў гэтым накірунку, бо колькі ж ужо можна здзеквацца над людзьмі? Сёння хлопцы, каб абараніць памяць, кідаюцца пад колы будаўнічай тэхнікі, рызыкуюць сабой. Гэта ж проста сорам, што прымушаюць ісці людзей на такія крокі пратэсту! І мне падаецца, што да ўлады, можа быць, дайшло нарэшце, што ў гэтай сітуацыі лепш быць разам.
РР: Грамадства не вельмі актыўна падтрымала абаронцаў Курапатаў…
Зінаіда Бандарэнка: Я бачыла на выставе пра Курапаты шмат моладзі, значыцца людзі цікавяцца гісторыяй, цікавяцца тым, што з намі адбывалася. Неабходна ведаць, як у свой час здзекваліся над людзьмі, каб гісторыя не паўтарылася. Павінна быць сувязь паміж мінулым і сучаным. Маладыя павінны ведаць, які страшэнны час перажылі людзі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя