Зінаіда Бандарэнка: Пасля Дня Волі ў людзей з’явілася пачуццё годнасці



“Народ убачыў трухлявасць сістэмы”, – кажа Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Зінаіда Бандарэнка: Раней я меркавала, што ўлада пасля досведу 2010 году больш не пойдзе на жорсткія рэпрэсіі. Але памылілася. І сваімі сёняшнімі дзеяннямі Беларусь яшчэ больш штурхаюць у абдымкі Расеі, якой, да слова, зараз не да нас. Там, як мы бачылі, таксама пачынаюцца пратэстныя акцыі.

РР: На ваш погляд, ці спыняцца ў Беларусі пратэсты пасля таго, як распачаліся рэпрэсіі? І якой мэты збіралася дасягнуць улада, калі пайшла на жорсткі сцэнар?

Зінаіда Бандарэнка: Рэжым вырашыў прадэманстраваць тэхнічную моц сваіх сілавікаў. Каб усе ўбачылі гэта. Шкада людзей, якіх пакалечылі, дзяўчат, якіх хапалі… Нельга было глядзець без слёз на тое, што адбывалася 25 сакавіка. І сорамна за міліцыю, якая так брутальна дзейнічала. Аднак, думаю, сваімі дзеяннямі ўлады не запалохалі беларусаў. На самой справе людзі ўбачылі трухлявасць сістэмы, якая вырашыла змагацца з пенсіянерамі і жанчынамі з дапамогай дубінак. У беларусаў пасля Дня Волі з’явіліся пачуццё гонару, самасвядомасці, годнасці і жаданне нешта зрабіць, каб людзьмі звацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя