Зінаіда Бандарэнка: Расейская прапаганда можа пляскаць у далоні



Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка разважае пра тое, чым грамадства можа дапамагчы тэлеканалу “Белсат”.

bandarenka

Скарачэнне фінансавання тэлеканала «Белсат» не звязанае з палітыкай, а лёс тэлеканала не з’яўляецца прадметам гандлю з беларускімі ўладамі, заявіў 3 студзеня намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Шыманскі ў інтэрв’ю радыёстанцыі Polskie Radio 24.

Зінаіда Бандарэнка: Мяркую, мы маглі б звярнуцца да людзей, каб тыя падтрымалі “Белсат”. Але звяртацца трэба менавіта да грамадства, а не да ўладаў. Бо я не разумею, калі апазіцыя ідзе да Адміністрацыі прэзідэнта і просіць, каб афіцыйны Менск захаваў “Белсат”. Калі ўлічваць, што тэлеканал – польскі, а стаўленне да яго беларускіх уладаў добра вядомае, то сітуацыя выглядае, як абсурд. А ўвогуле, “Белсат” вельмі шкада, бо відавочна, што, па сутнасці, яго страта будзе балючай для многіх у Беларусі.

РР: Наколькі вядома, ёсць у вас і яшчэ адна ініцыятыва…

Зінаіда Бандарэнка: Так, мы хочам звярнуцца з гэтай нагоды ў структуры Еўразвязу. Будзем размаўляць на гэтую тэму з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам, бо менавіта такія аўтарытэтныя людзі, як ён, павінны звярнуцца ў высокія еўрапейскія інстытуты. Нешта ж трэба рабіць! Калі ў краіне знікаюць такія тэлеканалы, як “Белсат”, то расейская прапаганда можа толькі папляскаць у далоні. І яна яшчэ больш актыўна стане ўплываць на свядомасць беларусаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота n-europe.eu