Зламаў бел-чырвона-белы сцяг – і застаўся беспакараным
У Віцебску адбыўся суд над Анатолем Шлыкавым, панамаром адной з праваслаўных цэркваў, які на пікеце з удзелам Мікалая Статкевіча зламаў бел-чырвона-белы сцяг.
Гаспадар сцяга Аляксандр Якушкоў прасіў суд спагнаць з хулігана 20 рублёў на пакрыццё матэрыяльнай шкоды, а таксама маральную кампенсацыю за знявагу нацыянальнага сімвала.
Суддзя райсуду Чыгуначнага раёну Алена Цыганкова прызнала Анатоля Шлыкава вінаватым у наўмысным пашкоджанні маёмасці. Але тут жа вызваліла яго ад адміністрацыйнай адказнасці праз “малазначнасць учыненага правапарушэння”.
Такім чынам, хуліган –прыхільнік “рускага міру” Анатоль Шлыкаў застанецца беспакараным, і ні штрафу за свой незаконны ўчынак, ні кампенсацыі Аляксандру Янушкову плаціць не будзе. Рашэннем суду ён застаўся задаволены, і цвёрда перакананы, што зрабіў слушна. Яшчэ падчас пікету 29-га верасня ён заяўляў, што “гэты сцяг быў побач з фашысцкім” , а на судзе цвердзіў, што нацыянальны сімвал “ствараў небяспеку для мінакоў”. Аляксандр Якушкоў з рашэннем суддзі не згодны, і збіраецца яго абскардзіць.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск