Зламыснікі рассылалі фэйкавыя паведамленні пра каронавірус у Беларусі



Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы па фактах несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі шэрагу ўстаноў аховы здароўя.

Так, паведамляе прэс-служба СК, 12 лютага з заявай у міліцыю звярнуўся кіраўнік РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі і паведаміў, што да электроннай паштовай скрынкі, якая належыць установе, быў ажыццёўлены несанкцыянаваны доступ. У наступным ад імя цэнтра былі разасланыя паведамленні, у якіх утрымліваліся спасылкі на загрузку шкоднага праграмнага забеспячэння. У ходзе следства ўстаноўлена, што акрамя неаднаразовых уваходаў на пошту, невядомымі асобамі таксама неаднаразова выдаляліся лісты.

З аналагічнай заявай днём раней звярнуўся ў міліцыю адзін з кіраўнікоў Мінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пасля таго, як у цэнтр сталі паступаць дадатковыя пытанні ад адрасатаў паведамленняў, якія яны нібыта адправілі па электроннай пошце. Падчас следства было ўстаноўлена, што і ў гэтым выпадку невядомы ажыццявіў несанкцыянаваны доступ да паштовай скрыні, што належыць установе, і адправіў шэраг паведамленняў кантактам з адраснай кнігі.

„У абодвух выпадках скампраметаваныя электронныя паштовыя скрыні былі зарэгістраваныя на хостынгу tut.by, — гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэта. — Пасля атрымання доступу да іх невядомыя рассылалі паведамленні са спасылкай на шкоднаснае праграмнае забеспячэнне ў тэксце. Допісы былі падрыхтаваныя з ужываннем прыёмаў сацыяльнай інжынерыі — у іх змяшчалася не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя, якая тычыцца распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі. Пасля адкрыцця наяўных у паведамленні спасылак на камп’ютар карыстальніка пад выглядам pdf-файла аўтаматычна спампоўваўся скрыпт, які запускае выкананы шкодны файл”.

Па вышэйвыкладзеных фактах Цэнтральным (Менска) раённым аддзелам і Менскім раённым аддзелам распачатыя крымінальныя справы арт. 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. „Следчыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі праводзяць неабходныя следчыя і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўсталяванне падазроных”, — паведамляе СК.

belapan.by