„Зло вяртаецца, калі пра яго забываеш”
„Зло вяртаецца, калі пра яго забываеш”, – упэўнена жанчына, на вочы якой трапіўся вялізны плакат да Дня памяці камуністычных і фашысцкіх рэпрэсій.
Ён з’явіўся на сцяне ля Берасцейскай крэпасці побач з дзяржаўымі прапагандысцкімі графіці. Невядомы нагадаў, што 23 жніўня 1939 года саюз двух дыктатараў Сталіна і Гітлера развязаў Другую сусветную вайну. Надпіс суправаджаюць партрэты Сталіна і Гітлера і роўнасць паміж свастыкай, сярпом і молатам, кажа жанчына, якая пажадала застацца невядомай:
– Падзеі вайны ў інтэрпрэтацыі сучасных прапагандыстаў пераўтвараюцца ў нейкі рэлігійны культ. Ніякіх адмоўных рысаў яны ўжо не прызнаюць. Зноў замоўчваецца той факт, што Сталін у той жа, калі не ў большай, ступені вінаваты ў пачатку гэтай вайны што і Гітлер. Крыві на ягоных руках не меньш, а то можа і больш. Правільна, што зрабілі гэтую акцыю. Трэба пра гэта нагадваць.
23 жніўня 1939 года паміж Сталіным і Гітлерам быў падпісаны сумнавядомы пакт Рыббентропа – Молатава, які фактычна падзяліў Усходнюю Еўропу паміж двума дыктатарамі.
Першага верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Яна прынесла Беларусі вялізныя страты як у маральным, так і матэр’яльным плане. Ад чаго мы не можам аправіцца да гэтага часу.
Беларускае Радыё Рацыя